З любоўю да роднай зямлі. Канцэрт, прысвечаны 85-годдзю ўтварэння Шчучынскага раёна, прайшоў на сцэне Палаца творчасці дзяцей і моладзі

 

Яскрава і святочна на сцэне Палаца творчасці дзяцей і моладзі прайшоў канцэрт, прысвечаны 85-годдзю ўтварэння Шчучынскага раёна. Юбілейная імпрэза сабрала ў глядацкай зале вучняў з розных школ нашага раёна і падаравала цудоўныя эмоцыі прысутным.

 

85 гадоў – гэта цэлае чалавечае жыццё. Многае паспела змяніцца за гэты час, пройдзена шмат выпрабаванняў, дасягнуты поспехі ў розных сферах. Многа чаго яшчэ чакае нас у будучым, але нязменна адно – любоў жыхароў Шчучыншчыны да сваёй малой радзімы. З пакалення ў пакаленне перадаецца гэтае асаблівае пачуццё да сваёй зямлі, якая выгадавала нас і адкрыла шлях у вялікае жыццё.

 

 

Тэме любові да роднай зямлі і былі прысвечаны творчыя нумары выхаванцаў Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Увесь канцэрт быў прасякнуты павагай да традыцый продкаў і стаў сапраўдным здабыткам народнай культуры з сучасным асэнсаваннем. 

 

Чароўныя песні і танцы сталі ўпрыгажэннем канцэрта. Юныя артысты пастараліся прадэманстраваць усе свае таленты. Выдатныя вакал і харэаграфія зачароўвалі глядацкую залу.

 

 

Увагі былі вартыя і касцюмы выступоўцаў. Як сінтэз слаўнага мінулага і светлай будучыні яны сталі ўвасабленнем творчых арыенціраў шчучынскай моладзі. Асобны выступ на сцэне быў прысвечаны прэзентацыі новай калекцыі адзення з лёну, створанага выхаванцамі і педагогамі Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Прыгожыя ўзоры на сцэнічных касцюмах прыцягвалі ўвагу гледачоў сваёй загадкавасцю, лёгкасцю і ўнікальным стылем.

 

Святочны канцэрт пакінуў цёплыя пачуцці на душы і ў чарговы раз пацвердзіў высокі культурны статус Шчучыншчыны. Няхай вечна жыве і квітнее наша слаўная зямля. З днём нараджэння, Шчучынскі раён!

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!