З камфортнымі ўмовамі ў новы купальны сезон. На Шчучынскім пляжы з’явіўся новы ратавальны пост

 

Нядаўна на шчучынскім пляжы з’явіўся новы аб’ект, які ў хуткім часе стане базай для ратавальнікаў Шчучынскай раённай арганізацыі ТВВАД.

 

Гэта спецыяльны модуль, у якім ёсць распранальня, дзяжурны назіральны пакой і пакой для прыёму ежы. Ён быў набыты за кошт сродкаў ТВВАД, значную частку якіх складаюць дабравольныя ўзносы членаў гэтай арганізацыі. Зараз распрацоўваецца зямельная дакументацыя, якая дазволіць надаць канкрэтны адрас новаму ратавальнаму пасту. Пасля гэтага ў аб’ект можна будзе правесці электрычнасць. Таму цалкам магчыма, што новы купальны сезон нашы ратавальнікі сустрэнуць у камфортных умовах для працы.

 

Як адзначыў старшыня раённай арганізацыі ТВВАД Валерый Шаг, стары ратавальны пост яшчэ можа паслужыць: “У мінулым годзе ў Шчучынскім раёне дзейнічаў толькі адзін пляж, прыдатны для купання – гарадскі. Калі сёлета атрымаецца арганізаваць яшчэ адну пляцоўку для воднага адпачынку, то стары домік можна будзе перавезці туды і зрабіць з яго пост”.

 

З пачатку гэтага года ў Гродзенскай вобласці на вадзе загінуў адзін чалавек. У Шчучынскім раёне небяспечных здарэнняў не назіралася, па словах Валерыя Шага, гэта ў значнай ступені заслуга прафілактычных мерапрыемстваў. Так, з 1 студзеня на вадаёмах нашага раёна ТВВАД правёў 45 патруляванняў і 8 рэйдаў, таксама быў сумесны рэйд з РАНС. Падчас гэтых мерапрыемстваў інструктаж на вадаёмах правялі са 121 чалавекам.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!