“З глыбінь народных да нашых дзён”

21 лістапада 2017 года ў г. Гродна ў выставачнай зале абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбылося адкрыццё абласной выстаўкі народнага мастацтва «З глыбінь народных да нашых дзён» майстрых па ткацтве Ванды Канстанцінаўны Машкевіч з вёскі Бабічы і Марыі Міхайлаўны Карповіч з вёскі Крупава. 

На мерапрыемстве прысутнічалі шматлікія госці. Дырэктар ДУК «Гродзенскі АМЦНТ» І.Д. Дземянчук выказала майстрыхам словы падзякі і ўручыла дыпломы.
 Яркія саматканыя дываны, настольніцы, вышытыя ручнікі стварылі атмасферу свята і прыгажосці. Наведвальнікі выстаўкі атрымалі сапраўднае эстэтычнае задавальненне. М.М. Карповіч і В.К. Машкевіч расказалі ім пра кожны свой выраб і тэхніку яго выканання.


Сямідзесяцітрохгадовая Марыя Міхай­лаўна Карповіч – сапраўдны носьбіт мясцовых ткацкіх традыцый: двухнітовага, чатырохнітовага ткацтва. Яшчэ дзяўчынкай выткала сваю першую посцілку. Нават цяжкая сялянская праца і няпростае жыццё не змаглі спыніць жаданне ствараць прыгажосць. Жанчына таксама займаецца вышыўкай, якая адпавядае мясцовым традыцыям. Імкнецца да духоўнасці, стараецца быць патрэбнай людзям. Гэта вельмі пазітыўны і кантактны чалавек. 
Вандзе Канстанцінаўне Машкевіч 83 гады. Яна валодае мясцовымі тэхнікамі двухбаковага аднаўточнага шматнітовага і двухбаковага васьміўточнага перабору. Першай настаўніцай была матуля –  Станіслава Іванаўна Вялічка. Майстрыха мае схільнасць да белаўзорыстага шматнітовага ткацтва. Каб далікатна аздобіць ручнікі і прасціны, ад мясцовых жанчын навучылася шыдэлкам вязаць карункі ў традыцыйным стылі. 
Дарэчы, абедзве майстрыхі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельніцамі народнага фальклорнага гурта «Вяргіня» аддзела культуры і вольнага часу «Ракавіцкі Дом культуры» дзяржаўнай установы культуры «Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці». Іх таленавітыя сяброўкі таксама прыехалі на выстаўку і прывіталі ўсіх цудоўнай песняй. 
Спадзяемся, шчучынскія майстрыхі яшчэ доўгі час будуць радаваць сваімі творамі і пастараюцца перадаць багаты вопыт моладзі.
Вольга КАРАНКЕВІЧ, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва ДУК “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. 
 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!