З Днём нараджэння, ветэран!

Днямі свой 95-гадовы юбілей адзначыла ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Мацвееўна Паўлава. Павіншаваць паважаную жанчыну з Днём нараджэння завіталі старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч і загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Уладзіміраўна Панова. 

Юбілярша была рада гасцям і вельмі расчулена цёплымі словамі і віншаваннямі, пачутымі ў свой адрас. Яна з задавальненнем дзялілася сваімі багатымі жыццёвымі ўспамінамі. 
– Асабліва балючы след у душы пакінула вайна, – прызнаецца Аляксандра Мацвееўна. – Мне тады было 18 гадоў. У Пензу, адкуль я родам, былі перавезены многія заводы па выпуску зброі. На адзін з іх і ўладкавалася фрэзероўшчыцай. Мы выпускалі дэталі для легендарнай “Кацюшы”. Працавалі па 16-19 гадзін у суткі. Гэта было няпростым выпрабаваннем, аднак наш народ выстаяў і перамог! 
Пасля заканчэння вайны А.М. Паўлава пэўны час жыла ў Расіі, а ў 1955 годзе пераехала ў Шчучын. Каля 18 гадоў яна адпрацавала на заводзе “Аўтапровад”, адкуль і пайшла на заслужаны адпачынак. Былыя калегі не забываюць Аляксандру Мацвееўну і часта наведваюць. Вось і ў дзевяноста пяты дзень нараджэння на стале юбіляршы стаяў прыгожы букет свежых кветак ад завадчан.
– Дзякуй за ўвагу і клопат! – не хавае эмоцый Аляксандра Мацвееўна. – Няхай над вашымі галовамі заўсёды будзе мірнае неба, а ў сем’ях валадараць любоў, спакой і дабрабыт.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)