Ёсць жанчына ў нашых сяленнях… Узначальвала адразу дзве фермы, ліха скакала на кані, увачавідкі ўбачыла, як збыліся амаль фантастычныя прадказанні…

 

Вось такая формула шчасця гэтай мілай і мудрай жанчыны – Ірыны Фёдараўны Станевіч, якая акурат у перадсвяточныя сакавіцкія дзянёчкі сустрэла сваё 86-годдзе. Яе дзяцінства апаліла вайна. 9-гадовай дзяўчынкай Ірына яскрава запомніла ракавы бой ля роднай вёскі Прудцы, калі наша разведка была вымушана ўступіць у крывавую схватку з фашыстамі. Тады многія мужчыны з Прудцаў пабеглі на шашу падтрымаць чырвонаармейцаў. Шалёная нямецкая куля скасіла Фёдара Бялко і яшчэ аднаго вяскоўца. Было так балюча і крыўдна – бацька загінуў перад самым вызваленнем Шчучыншчыны ад акупантаў!

 

Маці адна падымала шасцёра дзяцей у цяжкі пасляваенны час, а Іра з сястрой пасвіла чужы статак за збожжа, затое сям’я была з хлебам.

 

 – Закончыўшы дзесяцігодку, я паступіла ў Шчучынскі заатэхнічны тэхнікум. Ён знаходзіўся ў старадаўнім будынку, дзе і зараз працуюць лабараторыі занальнага інстытута раслінаводства, – узгадвае Ірына Фёдараўна. – Веды нам давалі глыбокія, трывалыя. Асабліва запомніліся заняткі педагога Зоі Аляксандраўны Глаз, якая шмат нам расказвала пра … будучыню. Маўляў, сувязь будзе працаваць на далёкія адлегласці, а людзі змогуць не толькі размаўляць, але пры гэтым і бачыць адзін аднаго. Кароў стануць даіць машыны, і для работы на фермах спатрэбяцца высокаадукаваныя спецыялісты. Такое ўражанне, нібыта настаўніца прадказала тады, у далёкіх 50-х мінулага стагоддзя, дзень сённяшні, бо ўсё гэта дакладна збылося!

 

Пасля атрымання дыплома, у 1957 годзе, Ірыну накіравалі ў Ваўкавыскі раён, але малады заатэхнік, адпрацаваўшы ў тамтэйшым калгасе вызначаны тэрмін, вярнулася на малую радзіму. Неўзабаве ў калгасе “Запаветы Ільіча” дзяўчыне даверылі ўзначальваць адразу дзве фермы: першую – у вёсцы Рамашкі, а другую – у родных Прудцах. Калі малады спецыяліст зразумела, што на веласіпедзе проста немагчыма паспець як след упраўляцца з даручанымі справамі, то … навучылася ліха скакаць вярхом на кані. Вось такая “баявая” загадчыца фермаў была ў “Запаветах Ільіча”. Да таго ж і ў грамадскім жыцці знаходзілася на пярэднім краі: яе не раз землякі абіралі ў мясцовы і раённы Савет дэпутатаў.

 

Пры гэтым Ірыне ўдавалася захаваць сваю жаноцкасць, прыродную прыгажосць і дабрыню. У Рамашках (якую ж рамантычную назву носіць гэта вёска!) яна сустрэла сваё каханне – надзейнага мясцовага хлопца, успыхнулі пачуцці, з’явілася дружная сям’я. Іван атрымаў спецыяльнасць высокакваліфікаванага электразваршчыка – запатрабаваную ва ўсе часы прафесію, разам яны перабудоўвалі і аднаўлялі дом, які на радасць усім напаўняўся дзіцячымі галасамі. У супружнай пары нарадзіліся два сыны і дзве дачушкі.
“Выхаваныя, працавітыя, здольныя да вучобы”, – гаварылі людзі пра Станевічаў-малодшых. Усе яны знайшлі сваю дастойную дарогу ў жыцці. Старэйшая дачка Святлана – выкладчык матэматыкі вышэйшай катэгорыі ў адной з Навагрудскіх школ, сын Віктар – палкоўнік у адстаўцы, зараз мінчанін, малодшы – Сяргей – інжынер-праграміст, таксама жыве ў Навагрудку. А ў Шчучыне пусціла карані самая творчая з дзяцей – Галіна. Яна – музыкант, вучыць дзетак іграць на цымбалах у нашай школе мастацтваў. Менавіта з дачкой Галінай Іванаўнай Шур і зяцем Аляксандрам Пятровічам у ладзе ды згодзе жыве зараз у Шчучыне 86-гадовая Ірына Фёдараўна Станевіч.

 

– У дзецях, унуках і праўнуках маё самае вялікае шчасце, – прызнаецца жанчына. – Я радуюся, што яны жывуць дружна ў сваіх сем’ях, паважаюць і разумеюць адзін аднаго, любяць сваю працу, а моладзь мае магчымасць атрымаць добрую адукацыю.

 

8 Сакавіка па традыцыі з падарункамі, кветкамі і сюрпрызамі ўсе з’язджаюцца, каб павіншаваць любімую матулю і бабулю з Днём нараджэння і жаночым святам. Так будзе і на гэты раз.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!