Ёсць такое прызванне – вучыць...

День учителя - 2017

Святочнае мерапрыемства з нагоды Дня настаўніка прайшло ў мінулую пятніцу ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі.
На гэту ўрачыстасць, што ладзілася ў новым незвычайным фармаце, сабраліся прадстаўнікі ўсіх калектываў устаноў адукацыі раёна. Увазе прысутных былі прадстаўлены самыя папулярныя перадачы “Настаўніцкага тэлебачання +”.

Трансляцыя пачалася з апошніх навін у сферы адукацыі рэгіёна. На “гарачую лінію” паступіла інфармацыя аб тым, што сёлета 18 устаноў адукацыі адкрылі свае дзверы для амаль чатырох тысяч вучняў. Упершыню школьны званок прагучаў для 359 першакласнікаў. Гімназістамі сёлета сталі 48 хлопчыкаў і дзяўчынак. У рамках рэспубліканскага праекта “Школа будучыні” ў сямі ўстановах адукацыі раёна рабяты носяць школьную форму. А ў юбілейны для нашага горада год у Паўднёва-Заходнім мікрараёне Шчучына пачалося будаўніцтва дзіцячага садка на 170 месц.
Удзельнікі святочнага мерапрыемства ў спецыяльным сюжэце даведаліся і пра кадравыя назначэнні: з новага навучальнага года на новых пасадах прыступілі да работы дырэктары Астрынскай і Мажэйкаўскай школ – С.С. Бадылеўскі і Т.І. Озем, загадчыца дзіцячага садка №5 у г. Шчучыне – В.П. Гарбіна і дырэктар дзіцячага аздараўленчага лагера “Касмадром” – У.Л. Фамко.
Безумоўна, у цэнтры ўвагі аказалася перадача “Асабістае меркаванне”, героем якой стаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама У.Р. Дубок. Уладзімір Раманавіч шчыра і адкрыта адказаў на пытанні вядучай. Ён расказаў, што прыйшоў у сістэму адукацыі ў 80-ых гадах мінулага стагоддзя. Па меркаванні Уладзіміра Раманавіча, і сёння, як і ў тыя часы, настаўнікам належыць ключавая роля ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны, у тым ліку і нашага Шчучынскага рэгіёна. А прэстыж педагагічнай прафесіі ніколькі не падае. І адно з пацвярджэнняў гэтага – 39 маладых спецыялістаў, якія прыйшлі сёлета працаваць да нас у раён. Такой колькасці маладых настаўнікаў не было ўжо даўно.
Уладзімір Раманавіч назваў самыя значныя поспехі педагогаў і іх выхаванцаў за мінулы навучальны год. Гэта і рэкордны паказчык па паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, прычым 75 працэнтаў – на бюджэтную форму навучання. І выдатнае выступленне нашых дзіцячых творчых калектываў у рэспубліканскім конкурсе “Прывітанне, свет!” І поспех хакеістаў Орлеўскага дз/с-СШ у рэспубліканскіх спаборніцтвах на прыз Прэзідэнцкага клуба “Залатая шайба”. І перамога Ільі Сырыцкага – чэмпіёна свету па тайскім боксе…
У.Р. Дубок павіншаваў усю педагагічную грамадскасць з прафесійным святам і ўручыў узнагароды.
З падарункамі завітала на свята і старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын С.У. Шанчук. Самыя шчырыя словы віншаванняў адрасавала яна педагогам.
А тым часам “Настаўніцкае тэлебачанне +” працягвала трансляцыю. Як умацаваць сваё здароўе, педагогі даведаліся з перадачы “Малахаў +”. Тых, хто любіць жарты і смех, чакаў спецыяльны святочны выпуск праграмы “Ералаш”. З навінкамі сезона “Восень навучальнага года 2017” пазнаёміла перадача “Модны прыгавор”. А аматараў скандальных сенсацый запрасіў “Пражэктар Перыс Хілтан”. Пра капрызы надвор’я на бліжэйшую вучэбную чвэрць паведаміла праграма “Прагноз надвор’я”, спонсарам якой выступіла наша “Дзянніца”. Сваіх гледачоў знайшла і перадача “Спакойнай ночы, малышы”. А завяршыў эфір “Залаты грамафон”.
Шчырымі апладысментамі падтрымлівалі прысутныя сваіх калег з СШ №1 і СШ №3 г. Шчучына, гімназіі, дзіцячага садка №7, цэнтраў тэхнічнай творчасці і турызму і краязнаўства, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Васілішкаўскай і Астрынскай школ і іншых. Варта адзначыць, што ўсе ўдзельнікі тэлепраграм прадэманстравалі выдатныя артыстычныя здольнасці і стварылі цудоўную святочную атмасферу.
Свае відэавіншаванні адрасавалі любімым настаўнікам вучні. А ветэраны педагагічнай працы атрымалі ад рабят кветкі.
Багатая на таленты педагагічная супольнасць Шчучыншчыны. У гэтым удзельнікі свята маглі пераканацца падчас урачыстай цырымоніі ўручэння прэміі “Залаты грамафон”. Шчыра і кранальна гучалі песні ў выкананні педагогаў. Квартэт “Новы раманс”, Алёна Гудзіновіч, Алена Ляпеша, Алег Раманаў і Алена Крэчко, педагогі Галавічпольскага дз/с-СШ, Дзмітрый Кумпан, Вольга Радковіч і іншыя артысты падарылі ўдзельнікам мерапрыемства цудоўныя моманты.
Свята ў новым фармаце, якое арганізавалі і правялі аддзел адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама і Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі, прайшло на адным дыханні.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

Анна РУДСКАЯ.

Фото автора.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)