Ёсць другая хатняя перамога. Шчучынскія валейбалісты згулялі з лідарам групы – зборнай Гродзенскага раёна

Шчучынскія валейбалісты працягваюць свой шлях у чэмпіянаце Гродзенскай вобласці. На выхадных наша каманда пры родных трыбунах спартыўнага комплексу па вуліцы Авіятараў прымала гасцей – зборную Гродзенскага раёна. Гэтым разам сапернікам спатрэбілася згуляць пяць партый, каб выявіць мацнейшага.

 

Пачатак першай партыі атрымаўся больш менш роўным, каманды ішлі з розніцай у адно ачко (4:5). Аднак хутка госці пачалі выходзіць наперад, забяспечылі сабе моцную перавагу і перамаглі ў першай партыі з лікам 14:25. Нельга сказаць, што шчучынцы правалілі пачатак сустрэчы, бо гулялі яны не горш за саперніка, аднак спартыўная ўдача дакладна была не на іх баку.

 

 

У другой партыі сітуацыя атрымалася адваротная. Каманды таксама пачалі сэт даволі роўна, але гэтым разам наперад вырваўся “Шчучын” (10:6). Перавагу ў чатыры ачкі наша каманда ўжо не губляла і ў выніку ўзяла рэванш 25:16.

 

Лёс трэцяй партыі некалькі разоў змяняўся. Так, спачатку наперад выйшлі гаспадары (10:7). Але зборная Гродзенскага раёна змагла навязаць бой і да сярэдзіны партыі займела перавагу ў адно ачко (14:15). Таму ўжо шчучынцам прыйшлося даганяць саперніка. Сваю задачу наша каманда выканала добра і ў канцоўцы сэта пачала перамагаць (22:20). Па выніках трэцяй партыі лік на табло быў 25:21.

 

 

Для перамогі над зборнай Гродзенскага раёна “Шчучыну” заставалася ўзяць верх у адной партыі. Таму вынік усёй гульні можна было вырашыць у чацвёртым сэце. Тайм пачаўся з імклівых атак шчучынцаў, якія прыносілі плён. Лік на табло ад пачатку і амаль да самага канца тайма быў на карысць гаспадароў. Аднак, калі шчучынцам да перамогі заставаліся тры ачкі (22:18), зборная суседняга раёна сканцэнтравалася і выдала шыкоўную канцоўку (25:27), перавёўшы гульню ў пятую партыю.

 

Здавалася, пасля такога эфектнага вяртання зборная Гродзенскага раёна мусіла авалодаць ініцыятывай і разбіць “Шчучын” у фінальнай партыі. Але гаспадары не былі згодныя на такі вынік і пасля непрацяглай барацьбы на пачатку сэта выйшлі наперад і перамаглі з лікам 15:10.

 

 

Такім чынам, у даволі складаным паядынку наша каманда перамагла, узяўшы другую вікторыю за тры матчы.

 

Ацаніў вынікі сустрэчы гуляючы трэнер шчучынскай валейбольнай каманды Валянцін Галамбоўскі:

 

Першая хатняя сустрэча гэтага сезона была з лікам 3:2, і гэтая таксама прайшла з лічбамі 3:2. Але сапернік сёння быў, безумоўна, мацнейшы. Добра, што ў нас атрымалася сабраць аптымальны склад каманды. Вялікі дзякуй нашым аматарам валейбола, якія прыйшлі нас падтрымаць. Вельмі прыемна, што нам удалося перамагчы зборную Гродзенскага раёна, бо зараз яны займаюць першае месца ў групе. Наступную гульню мы правядзём на выездзе супраць “Абухава”, потым прымем у Шчучыне каманду ўніверсітэта-мытні і скончым групавы этап гасцявым матчам супраць сённяшняга саперніка.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!