"Яна ў нас патрыётка!". 93-гадовая ветэран Вялікай Айчыннай вайны Марыя Рыгораўна Клачкова прыйшла на ўчастак для галасавання, каб прынародна выканаць свой грамадзянскі абавязак

"Марыя Рыгораўна магла б пакінуць заяўку, і члены камісіі прыйшлі са скрыняй да яе дамоў, – гаворыць старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Астрынскага ўчастка для галасавання №15 І.В. Анцута. – Але яна заўжды галасуе на ўчастку! Абавязкова завітае і сёння".

Словы Іны Валянцінаўны спраўдзіліся. Апоўдні ў памяшканне для галасавання гэта паважаная жанчына зайшла ў суправаджэнні пляменніцы, якая далікатна падтрымлівала яе пад руку, і праўнучкі. Члены камісіі і прысутныя выбаршчыкі шчыра прывіталі ветэрана, дарэчы, старэйшую жыхарку пасёлка.

– Мне вельмі падабаецца ўрачыстая атмасфера, якая пануе на выбарчым участку падчас галасавання, – прызналася мне Марыя Рыгораўна. – Сёння прыгожы, а галоўнае мірны сонечны дзень – чаму б паціхеньку і не прайсціся. Усё жыццё галасавала, зрабіла гэта і цяпер.

– Яна ў нас патрыётка! – з гонарам прамовіла пляменніца Марыі Рыгораўны, якая клапатліва апякала 93-гадовую жанчыну.

Апусціўшы бюлетэнь у празрыстую скрыню, ветэран на хвілінку затрымалася, прыгадала пра суровыя выпрабаванні, якія выпалі на яе долю ў гады Вялікай Айчыннай, як была санітаркай на фронце – спачатку ў санітарным батальёне, потым у шпіталі... Нягледзячы на ўзрост, гэта стойкая і мужная жанчына трымаецца малайцом. Здароўя Вам моцнага, Марыя Рыгораўна!

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!