Якія змены адбудуцца ў падатковым заканадаўстве з новага года?

 

Падатковая сістэма Беларусі павінна быць простай і зразумелай для ўсіх грамадзян. На гэта неаднаразова звяртаў увагу Прэзідэнт. Бо яна — адзін з асноўных элементаў эканамічнай палітыкі краіны. Сёлета ўжо адбыліся змены ў парадак падаткаабкладання. У прыватнасці, адбыліся карэкціроўкі стаўкі падаходнага падатку і падатку на прыбытак. Акрамя таго, з 2024 года ўведзены адзіны маёмасны плацеж. У 2025 годзе таксама адбудзецца шэраг змен. Пра самыя значныя — у нашым матэрыяле.

 

Традыцыйная практыка

 

Напачатку адзначым, што па традыцыі змены ў падатковым заканадаўстве ўносяцца штогод. 

 

І гэта звязана з неабходнасцю прывядзення Падатковага кодэкса ў адпаведнасць з заканадаўчымі актамі, якія былі прынятыя на працягу года. Таксама неабходна адаптаваць стаўкі падаткаў да інфляцыйных і іншых працэсаў, якія адбываюцца ў краіне. Акрамя таго, дэталёва аналізуецца эфектыўнасць прымянення стымуляцыйных мер, якія дзейнічалі доўгі час. І падатковая палітыка на наступны 2025 фінансавы год будзе накіравана на забеспячэнне ўстойлівага бюджэту для выканання прадугледжаных расходных абавязацельстваў.

 

У нагу з эканомікай

 

Дык што ж зменіцца? Па-першае, прадугледжана індэксацыя падатковых ставак, устаноўленых у беларускіх рублях, на прагнозны параметр інфляцыі. Будуць праіндэксаваны стаўкі зямельнага падатку, падатку на нерухомую маёмасць, экалагічнага падатку, падаходнага падатку з фізічных асоб у фіксаваных сумах. Адначасова індэксуюцца вылікі і льготы па падаходным падатку — тут індэксацыя адбываецца на тэмп росту намінальнай заработнай платы.

 

 

— На 11,9 працэнта прапануецца павялічыць стаўкі акцызаў на цыгарэты першай цэнавай групы. Астатнія стаўкі акцызаў на тытунь і алкаголь будуць праіндэксаваны ў межах параметраў інфляцыі, — паведаміў першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко. — Стаўкі акцызаў на аўтамабільнае паліва прапануецца захаваць без індэксацыі. У якасці новага аб’екта падаткаабкладання акцызамі будуць безалкагольныя энергетычныя напіткі. Стаўка складзе 50 капеек за літр гатовай прадукцыі. Мера прапанавана ў рамках паэтапнага пашырэння падакцызнай прадукцыі. Яе ўступленне ў сілу прадугледжана з 1 студзеня 2026 года, каб плацельшчыкі змаглі адаптавацца да змен.

 

Яшчэ адна навіна датычыцца замацавання на пастаяннай аснове або прадаўжэння тэрміну дзеяння мер падатковай палітыкі па бюджэтнай кансалідацыі, якія былі прыняты ў папярэднія гады. Нагадаем, такія меры прымаліся для адаптацыі эканомікі ва ўмовах пандэміі і санкцыйнай палітыкі Захаду.

 

 

— У прыватнасці, будзе працягваць дзейнічаць павялічаная стаўка падатку на прыбытак да 25 працэнтаў пры перавышэнні падаткаабкладальнай базы 25 млн рублёў. Гэта так званы «падатак на звышдаходы», і ён закранае тых беларусаў, якія зарабляюць звыш названага крытэрыю, для ўсіх астатніх стаўка захоўваецца на ўзроўні 13 працэнтаў, — дадаў першы намеснік міністра фінансаў.

 

 

Акрамя таго, на пастаяннай аснове замацоўваецца стаўка падатку на прыбытак у памеры 30 працэнтаў для аператараў сотавай рухомай электрасувязі і камерцыйных мікрафінансавых арганізацый. Працягваецца тэрмін дзеяння стаўкі 13 працэнтаў па падаходным падатку адносна даходаў фізічных асоб, атрыманых па працоўных дагаворах ад рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій да 1 студзеня 2028 года. Таксама павялічваецца стаўка падатку на даходы па дывідэндах, атрымальнікамі якіх з’яўляюцца замежныя арганізацыі, з 15 да 25 працэнтаў. Захоўваецца і стаўка транспартнага падатку па аўтамабілях класа «люкс», павялічаная ў 10 разоў. У 2025 годзе дадатковыя паступленні даходаў у кансалідаваны бюджэт ад раней уведзеных мер падатковай палітыкі спецыялістамі ацэньваюцца ў суме 386,4 млн рублёў.

 

У наступным годзе ў Падатковы кодэкс плануецца ўнесці новы артыкул, які закране аперацыі з токенамі. Даходамі прызнаюцца любыя віды сродкаў, атрыманыя ад такіх аперацый, у тым ліку ад майнінгу, абмену токенаў на іншыя токены, а таксама адчужэнні за беларускія рублі, замежную валюту, электронныя грошы. Па падатку на прыбытак для рэзідэнтаў ПВТ прадугледжана стаўка ў памеры 9 працэнтаў. Для суб’ектаў, якія не з’яўляюцца рэзідэнтамі ПВТ, будзе прымяняцца агульнаўстаноўленая стаўка 20 працэнтаў, а пры перавышэнні валавога прыбытку 25 млн рублёў — 25 працэнтаў. Не трэба будзе плаціць падаходны падатак з фізічных асоб, калі даходы атрыманы па аперацыях з токенамі, створанымі рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій. Таксама аб’ектам падаткаабкладання не будуць лічыцца даходы ад дзейнасці па майнінгу, абмене токенаў на іншыя токены (акрамя незаконнай і забароненай дзейнасці), калі лічбавыя грошы атрыманы ў выніку дарэння або ў выглядзе спадчыны ад фізічных асоб.

 

Падлягаюць перагляду

 

Карэкціроўкай падатковага заканадаўства перагледжаны дзеючыя льготы для суб’ектаў гаспадарання. У прыватнасці, прапануецца паэтапная адмена льготных ставак 6 працэнтаў з 2026 года і 0 працэнтаў з 2028 года па падатку на прыбытак, устаноўленых адносна дывідэндаў. Таксама адмяняецца льгота па падаходным падатку па даходах, атрыманых фізічнымі асобамі ад продажу доляў у статутным фондзе беларускіх арганізацый і акцый беларускіх арганізацый.

 

— Уносяцца дадатковыя абмежаванні па прымяненні інвестыцыйнага выліку ў мэтах забеспячэння яго накіраванасці на абнаўленне асноўных сродкаў. Інвестыцыйны вылік будзе прымяняцца толькі камерцыйнымі арганізацыямі па будынках і збудаваннях, якія выкарыстоўваюцца выключна ў вытворчай дзейнасці. Прымяненне інвестыцыйнага выліку бюджэтнымі арганізацыямі, грамадскімі, рэлігійнымі аб’яднаннямі і іншымі некамерцыйнымі арганізацыямі выключаецца ў сувязі з адсутнасцю вытворчай дзейнасці, — паведаміў Дзмітрый Кійко.

 

Прыемны бонус

 

Добрая навіна для ўсіх катэгорый плацельшчыкаў. Гаворка пра меры сацыяльнага і стымуляцыйнага характару. У прыватнасці, прадугледжана прадаўжэнне дзеяння падатковых ільгот па падатку на прыбытак, зямельным падатку і арэнднай плаце за зямлю для арганізацый, якія выкарыстоўваюць працу інвалідаў, на 3 гады, а таксама падатку на прыбытак, падатку на даходы і падаходным падатку па інвестыцыйных фондах на 5 гадоў.

 

— Уводзіцца магчымасць улічваць пры падаткаабкладанні расходы па дастаўцы работнікаў да месца працы і назад у складзе іншых затрат, — расказала член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Наталля Куляшова. — Таксама пашыраюцца магчымасці прымянення стандартнага падатковага выліку, устаноўленага для маладых спецыялістаў.

 

 

І яшчэ адна значная навацыя. Для шматдзетных сем’яў прадугледжана зняцце абмежавання ў выглядзе адной кватэры пры прымяненні маёмаснага падатковага выліку. Пры гэтым права на атрыманне льготы па падаходным падатку будзе толькі ў адносінах да жылля, якое будуецца з прыцягненнем ільготнага крэдыту або аднаразовай субсідыі. Таксама будзе знята абмежаванне, якое датычыцца аднаразовага атрымання маёмаснага выліку для шматдзетных сем’яў, якія будуюць або купляюць жыллё. Такім чынам, шматдзетныя сем’і змогуць некалькі разоў скарыстаць маёмасны вылік.

 

— Акрамя таго, змяненнямі падатковага заканадаўства прадугледжана распаўсюджванне льготы па адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў у выглядзе зніжэння ўстаноўленых ставак на 20 працэнтаў для плацельшчыкаў — бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей — інвалідаў, старэйшых за 18 гадоў, якія маюць І або ІІ групу інваліднасці, — дадала дэпутат.

 

zviazda.by

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!