Як здабыць бярозавы сок? “Дзянніца” даведалася дзе і па якой цане можна купіць вясенні напой

З надыходам вясны прырода ажывае і дзеліцца з людзьмі сваім багаццем. Традыцыйна найважнейшым лясным ласункам першай паловы вясны лічыцца ўпадабаны яшчэ нашымі далёкімі продкамі бярозавы сок. У Шчучынскім раёне нарыхтоўка і рэалізацыя бярозавіку ўжо ідзе поўным ходам, таму мы вырашылі даведацца, дзе і па якой цане яго можна набыць.
– На сёння наш лясгас ужо рэалізаваў насельніцтву 4,5 тоны соку, – дзеліцца інфармацыяй начальнік вытворчага аддзела Шчучынскага лясгаса Ян Мыслівец. – У нашым раёне набыць сок можна ў Васілішкаўскім і Шчучынскім лясніцтве. У Шчучыне пакупнікоў сустрэне ветлівай усмешкай наш бухгалтар Алена Жмінда. Таксама бярозавы сок можна купіць і набраць адразу з мяшкоў на лесасеках Зачэпіцкага, Ражанкаўскага, Жалудоцкага, Дэмбраўскага і Астрынскага лясніцтваў. Ёсць падвоз соку, для гэтага зацікаўленым трэба звярнуцца ў лясніцтвы.
Кошт аднаго літра соку, калі яго браць з лесасекі, складае 22 капейкі. Калі купляць бярозавік, прывезены ў лясніцтва, то цана будзе крыху вышэй – 27 капеек. У гэтым годзе Шчучынскі лясгас упершыню прапануе насельніцтву сваю тару. Так, 5-літровыя бутэлькі з сокам абыдуцца ў 3 рублі. Набыць бярозавік можна ў будны дзень з 8 да 18 гадзін, перапынак на абед – з 13 да 14 гадзін.
– У гэтым сезоне планам вызначана рэалізаваць насельніцтву 20 тон соку, у мінулым годзе гэты паказчык складаў 22,4 тоны. Аднак, улічваючы тэмпы продажу і попыт у насельніцтва, не выключана, што сёлета прададзім каля 30 тон бярозавіку. Цана добрая, бо, напрыклад, 40 літраў соку каштуе 10,6 рубля, даволі выгадна для насельніцтва, – адзначыў Ян Леанардавіч.

Важна, што збор бярозавіку ў нашым раёне цалкам бяспечны для прыроды. Бо ў гэтым годзе сок нарыхтоўваецца на дзялянках Шчучынскага лясгаса, якія пасля пойдуць пад вырубку. Такім чынам, падсочка не нанясе шкоды лесу.
Таксама трэба адзначыць, што людзі могуць збіраць сок самастойна і бясплатна на папярэдне вызначаных дзялянках. Для гэтага трэба прайсці інструктаж у лясніцтве і выконваць працэдуру падсочкі ў адпаведнасці з усімі правіламі і тэхналогіяй. Аднак апошнім часам самастойная нарыхтоўка бярозавіку не карыстаецца вялікай папулярнасцю ў насельніцтва, бо значна лягчэй купіць ужо сабраны свежы прадукт, тым больш, што цэны невысокія.
Варта памятаць, што парушэнне правілаў самастойнай нарыхтоўкі бярозавага соку можа прывесці да сур’ёзнага штрафу: да 20 базавых велічынь для звычайных грамадзян і да 100 – для індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама да 500 – для юрыдычных асоб.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.
