Як захаваць гісторыка-культурную спадчыну раёна, абмеркавалі падчас выязной сесіі раённага Савета дэпутатаў

Правядзенне выязных сесій раённага Савета дэпутатаў практыкуецца ўжо не першы год. Такая форма работы спрыяе больш глыбокаму асэнсаванню пытанняў, якія выносяцца на парадак дня. Мяркуючы па назве тэмы - Аб прымаемых мерах ў Шчучынскім раёне па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны - з гэтым цяжка не пагадзіцца. Адна справа расказваць пра аб'екты, другая - пабываць на іх.

Адкрыла сесію старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк. У рабоце сесіі прынялі ўдзел начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама А.В. Клімовіч і дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта, дэпутаты, члены райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі ўпраўленняў, аддзелаў і служб райвыканкама.

У пачатку паездкі Ганна Станіславаўна адзначыла, што ў Шчучыншчыны багатая гісторыка-культурная спадчына, якая стагоддзямі была яе вялікім здабыткам і гонарам. У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана 40 каштоўнасцей, размешчаных на тэрыторыі Шчучынскага раёна, у тым ліку 20 помнікаў архітэктуры, 15 помнікаў археалогіі, 4 помніка гісторыі, 1 помнік мастацтва. Самую вялікую групу складаюць помнікі архітэктуры - 20 каштоўнасцей, асаблівае месца сярод архітэктурных помнікаў займаюць культавыя пабудовы (16).

Першым прыпынкам на маршруце стала царква Свята-Раства-Багародзіцы ў в. Мураванка. У царквы-крэпасці даўняя гісторыя. Пра яе гісторыю, абапіраючыся на архіўныя матэрыялы, расказаў іерэй Кірыл Курбак. Пабудаваная ў 1524 годзе, царква адносіцца да храмаў абарончага тыпу і з’яўляецца помнікам архітэктуры абарончага дойлідства і ўключана ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад катэгорыяй “0”. 

У розныя часы гэты храм служыў не толькі месцам набажэнства і пакланення, але і абароны жыхароў ад варожых нападаў. У храме размешчаны дзве шанаваныя іконы Божай Маці. Адна ікона тутэйшая, размяшчаецца па левы бок царскай брамы, другую перавезлі з Волчыкоўскай святыні. Святы храм уключаны ў большасць турыстычных маршрутаў і экскурсій. Удзельнікі сесіі засталіся пад моцным ўражаннем, бо гэта царква - адна з найвялікшых старажытных пабудоў на тэрыторыі Беларусі, якая, да таго ж, выдатна захавалася да нашага часу.

Дарэчы, напярэдадні правядзення выязной сесіі з добрай ініцыятывай выступілі настаўнікі і вучні гарадской гімназіі. Пры падтрымцы мясцовых гаспадаркі і сельвыканкама, лясгаса, індывідуальных прадпрымальнікаў і вернікаў былі набыты зялёныя насаджэнні і добраўпарадкавана частка тэрыторыі, якая прылягае да царквы. У далейшых планах прадоўжыць гэту карысную справу

Пераехаўшы ў Старыя Васілішкі, дэпутаты і запрошаныя наведалі клуб-музей Чэслава Немэна. Дырэктар музея У.У. Сянюта расказаў пра жыццёвы шлях вядомага музыканта. Галоўная асаблівасць клуба-музея заключаецца ў тым, што ён размяшчаецца непасрэдна ў доме, у якім нарадзіўся і жыў артыст. Асаблівым гонарам клуба-музея з'яўляюцца рэчы, якія належаць непасрэдна сям'і Выджыцкіх. Падчас экскурсіі ўдзельнікі сесіі азнаёміліся не толькі з жыццём Чэслава Немэна, але дзякуючы выставе вярнуліся ў эпоху 19-20 стагоддзяў, якая дае шырокае ўяўленне аб народнай традыцыйнай культуры беларускага народа. Менавіта таму з года ў год колькасць турыстаў, якія сюды прыязджаюць, няўхільна расце. Ужо ў гэтым годзе тут пабывалі больш за 5 тысяч турыстаў з розных краін свету.

Далей на маршруце дэпутатаў чакаў касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Старых Васілішках. Пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя храм размешчаны на ўзвышшы на ўскраіне вёскі і бачны за шмат кіламетраў. Гэты помнік архітэктуры мае вышыню 54 метры і займае плошчу 1400 кв. метраў. Падмурак касцёла абкладзены некалькімі дзясяткамі пліт з імёнамі мясцовых жыхароў, якія былі фундатарамі яго будаўніцтва. Удзельнікаў сесіі ўразіла ўнутранае ўбранне храма, гучанне адрэстаўраванага ў мінулым годзе аргана. Унутры храма, злева ад алтара, створаны штучныя пячоры, у якіх паказана экспазіцыя: прывітанне вешчуноў нараджэння Хрыста. Такой пячоры няма больш нідзе ў Беларусі.

Выклікала цікавасць у дэпутатаў экскурсія па сядзібе Іваноўскіх ў аграгарадку Галавічполе, якую правялі вучні мясцовай школы. Маладыя экскурсаводы змястоўна і пранікнёна расказалі гасцям аб вядомых ўраджэнцах Шчучынскай зямлі – родзе Іваноўскіх. Леанард Іваноўскі быў перакладчыкам хіміка Мендзялеева, Вацлаў Іваноўскі склаў першы беларускі буквар. Юрый Іваноўскі стварыў у маёнтку «Пакой птушак», калекцыя якога стала першай экспазіцыяй Каўнаскага заалагічнага музея.

А завяршальным акордам стала наведванне музея Цёткі, дзе хлебам-соллю і ў нацыянальных строях сустракалі удзельнікаў сесіі юныя прыхільнікі творчасці вядомай зямлячкі Алаізы Пашкевіч. Музей знаходзіцца ў будынку Астрынскай сярэдняй школы, у двары школы можна ўбачыць помнік беларускай паэтцы, якая актыўна ўдзельнічала ў выданні першай легальнай беларускай газеты "Наша доля", была аўтарам лірычных вершаў і псіхалагічнай прозы.

У палацы Друцкіх-Любецкіх адбылося пленарнае пасяджэнне,  на якім дэпутаты абмеркавалі, як захаваць гісторыка-культурную спадчыну раёна. 

Сяргей Каспярчук.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.