Выхоўваем спартсменаў: юныя футбалісты са Шчучына ўзялі ўдзел у турніры “Ліга малых гарадоў”
30 верасня ў Дзятлаве праходзіў міні-футбольны турнір сярод хлопчыкаў 2013-2014 года нараджэння “Ліга малых гарадоў”. Удзел у спаборніцтвах бралі восем каманд з пяці раённых цэнтраў Гродзенскай вобласці. Дзве каманды прадстаўлялі Шчучын.
Ад нашага горада на турнір паехалі выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы горада Шчучына.
Перамогу ў турніры мелі гульцы слонімскага “Дынама”, другое месца ўзялі хлопчыкі з “Дзятлава-1”. За бронзавыя медалі змагаліся аднагодкі з камандаў “Шчучын-2” і “Зэльва”, мацнейшымі ў гэтым супрацьстаянні аказаліся менавіта шчучынскія юнакі, што дазволіла нашым хлопцам заняць выніковае трэцяе месца. Прызёры турніру былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі, медалямі і кубкамі.
Варта адзначыць, што другая наша каманда “Шчучын-1” заняла пятае месца.
Ацаніў гульню сваіх падначаленых і падзяліўся думкамі наконт важнасці развіцца дзіцячага футболу загадчык сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Дзмітрый Кірылаў:
– Гульнёй нашых дзяцей цалкам задаволены, нягледзячы на тое, што ў нас прыехалі і больш малодшыя гульцы, яны добра сябе зарэкамендавалі. Для іх гэта быў першы такі выезд, і хлопчыкам спадабалася. Адзначу, што мы падкрэслілі некаторыя недахопы і цяпер ведаем над чым трэба больш працаваць на трэніроўках. Вельмі добра, што такія турніры праводзяцца, бо дзяцей трэба прывучаць да спаборніцтваў з аднагодкамі. Такі досвед дапаможа будучым спартсменам сфармаваць неабходныя якасці.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота з суполкі “ФК Щучин ВКонтакте”.