Вялікая сям’я – вялікае шчасце. Кіраўніцтва Шчучынскага райвыканкама завітала ў госці да шматдзетнай маці – Станіславы Мыслівец

 

Днямі старшыня Шчучынскага райвыканкама Аляксей Садоўскі і яго намеснік Алена Пасюта завіталі ў госці да шматдзетнай маці – Станіславы Мыслівец з вёскі Алешкаўцы, якая сёлета была ўзнагароджана ордэнам Маці. Нагода сур’ёзная – падзякаваць за выхаванне дзяцей і павіншаваць з Днём маці.

 

Словы віншавання гаспадыня прымала расчулена - - не прывыкла да такой увагі… Дома – утульна і спакойна. Адразу бачна, што ў гэтым доме жывуць спагада, дабрыня, каханне. Разам Станіслава і Іван Мысліўцы вось ужо 40 гадоў!

 

Станіслава Мыслівец родам з Касцянева. Пасля заканчэння школы-сталовай пры трэсце сталовых і рэстаранаў горада Гродна атрымала прафесію повара трэцяга разраду і ўладкавалася на працу ў рэстаран “Нёман” горада Гродна. У горадзе доўга пажыць не давялося. Станіслава выйшла замуж і разам з мужам Іванам пераехала жыць у вёску Алешкаўцы. Дзе б ні працавала – усюды адзначалі яе як адказнага і добрасумленнага работніка. А працаваць давялося і поварам у сталовай Астрынскага аб’яднання прадпрыемстваў грамадскага харчавання Шчучынскага раённага спажывецкага таварыства, і рабочай камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Саўгас “Шчучынскі”, і паляводам сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Клубніка Плантс”. Усё сваё жыццё Станіслава Мыслівец прысвяціла працы і дзецям. У іх – яе мацярынскае шчасце. Падтрымліваў жонку і муж, які працаваў у сельскай гаспадарцы.

 

 У вёсцы Станіславу Мыслівец усе ведаюць як руплівую і працавітую жанчыну, уважлівую жонку і клапатлівую маці. Яна заўсёды знаходзіць час для кожнага, стараецца дапамагчы, калі не справай, то добрым словам. А як цудоўна гатуе гаспадынька! Па рэцэпты звяртаюцца і дочкі, і нявесткі. А яшчэ наша гераіня вяжа і захапляецца вырошчваннем кветак.

 

– Рада, што мы выхавалі пяцёра дзяцей, – з цеплынёй кажа Станіслава Віктараўна. – Марына, Наталля, Аляксандр, Іван і Уладзімір ужо маюць свае сем’і, выхоўваюць дзетак і жывуць асобна ад нас. Але ніколі не забываюць, заўсёды едуць у родную хатку. Летам у нас увогуле весела – часам па сем унукаў час бавяць у бабулі з дзядулем. Весела і калі ў госці з’язджаецца ўся радня – дзеці, унукі, сваты – два сталы ставім! Удзячна Богу за добрых дзяцей, нявестак, зяцёў і сватоў!

 

Дарослыя дзеці паважаюць і любяць сваіх бацькоў, удзячныя ім за ўсё добрае, што яны атрымалі ад іх. Бацькі ў сваю чаргу ганарацца сваімі дзецьмі і ўпэўнены, што яны выхавалі добрых людзей.
Спытала пра традыцыі. Ёсць у сям’і свой абярэг сямейная рэліквія – ікона, якая па традыцыі перадаецца з пакалення ў пакаленне па мужчынскай лініі… Сумесна Мысліўцы святкуюць Каляды, Вялікдзень, дні нараджэнняў членаў вялікай і дружнай сям’і. Ёсць у Мысліўцаў і адметныя традыцыі, напрыклад, перадаваць імя з пакалення ў пакаленне. Ужо ў сям’і тры Іваны Іванавічы! Як кажуць на Гродзеншчыне, далей – болей! Хочацца пажадаць шчасця і дабрабыту Станіславе Мыслівец і ўсёй яе сям’і. Сціплыя, працавітыя і добразычлівыя людзі гэта заслужылі!

 

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!