Восень – парад восем

Восеньскі кірмаш прайшоў нядаўна ў яслях-садку №6 г.Шчучына ў рамках Дня адкрытых дзвярэй

Яшчэ падыходзячы да “Вясёлкі”, заўважыла прыгожую восеньскую кампазіцыю і рознакаляровае запрашэнне на кірмаш. Такую незвычайную форму работы выбраў сёлета крэатыўны калектыў садка.

Пераступіўшы парог установы, адразу трапляеш на незвычайную выставу “Дары восені”. І тут не абышлося без дапамогі бацькоў выхаванцаў. Актыўны ўдзел у кірмашы прынялі сем’і: Куц, Хільмончык, Кішкель, Карповіч, Місюк і многія іншыя. Прызнацца, я і ўявіць сабе не магла, што з прыродных матэрыялаў можна змайстраваць такую прыгажосць. У ход пайшлі і гарбузы, і кукуруза, і фасоля, і шышкі, і лісце… Ці бачылі вы міньёны з кукурузы? А вожыка з галінак? А казачны замак з гарбуза і дрэва з арэхаў? Мне пашчасціла ўбачыць такі цуд. Паверце, багатай фантазіі бацькоў і дзетак маглі б пазайздросціць нават прафесійныя дызайнеры! 

– Сваю паробку – домік з фасолі, дворык з насення ды студню з нітак мы ўсёй сям’ёй майстравалі ажно некалькі дзён, – прызналася Кацярына Салдаценкава. 
Атрымалася ну вельмі прыгожая кампазіцыя! Нягледзячы на занятасць на працы і хатні быт, бацькі знайшлі час, каб зрабіць нешта разам са сваімі дзеткамі.
 – А як жа інакш? – тлумачаць свой творчы парыў шматдзетныя матулі Людміла Шчатко і Алена Мядкоўская. – Агульная справа вельмі збліжае. А бачылі, як радуюцца дзеці ў такія хвіліны? 


А вось сям’я Кішкель прынесла на кірмаш не паробку, а тры туі! У хуткім часе яны зазелянеюць у алеі, якая з’явіцца ля садка. 
Акрамя рукатворных работ, на кірмашы красаваліся і салодкія прысмакі. Чаго толькі ні было на тым восеньскім стале! Духмяныя пірагі, салодкія грыбочкі, мудрагелістае печыва, цукровыя цукеркі – усё выключна хатняга прыгатавання. Асабліва здзівіў двухпавярховы торт, які, як аказалася, разам з юнай выхаванкай Сафіяй Дзяніска выпякаў… дзядуля Юрый Пятровіч!


Цікава прайшла тэатралізаваная частка свята. Асабліва прыемным было тое, што імпрэза ладзілася на беларускай мове, і самадзейныя артысты апрануліся ў нацыянальныя строі. Ну а які ж кірмаш без добрых песняў, танцаў ды народнага гумару?! На імправізаванай сцэне адзін за другім з’яўляліся героі беларускіх твораў. Гледачы перажывалі разам з Лявонам, які выпадкова згубіў кабылу, выбіралі на кірмашы тавар з зухаватай цёткай Лявоніхай, танцавалі разам з Паўлінкай і панам Быкоўскім. Выхаванцы старэйшых груп таксама не спалі ў шапку. Яны паказалі беларускія гульні, якія ладзіліся на кірмашы. А як хораша чыталі вершы, танцавалі і спявалі хлопчыкі і дзяўчынкі! За кожным выступленнем – неаднаразовыя рэпетыцыі, падтрымка бацькоў і карпатлівая праца педагагічнага калектыву. 
Педагогі ясляў-садка №6 добра ведаюць, як падабраць той самы ключык да кожнага выхаванца. У той дзень сваім назапашаным вопытам з калегамі, якія з’ехаліся на Дзень адкрытых дзвярэй з усёй Шчучыншчыны, падзяліліся Людміла Паталета і Таццяна Сямашка. 
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!