Важны кожны голас

Вось ужо чацвёрты дзень ідзе датэрміновае галасаванне па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. На Галавічпольскі ўчастак для галасавання №4, які размяшчаецца ў ДУА "НПК Галавічпольскі дзіцячы сад-сярэдняя школа", прыйшла выканаць свой грамадзянскі абавязак нядаўняя выпускніца гэтай установы Таццяна Паўлюкевіч. Дзяўчына галасуе ўпершыню. З гэтай нагоды яе шчыра павіншавала і ўручыла сувенір на памяць старшыня ўчастковай камісіі Жанна Адамаўна Пашук. Дарэчы, на гэтым участку будуць галасаваць упершыню 14 чалавек.

Дзверы зноў адчыніліся, і ў памяшканне для галасавання зайшла пара. Знаёмімся. Гэта Ларыса Станіславаўна і Віталій Валянцінавіч Матвейчыкі. Муж працуе тэхнікам-асемянатарам у ААТ "Васілішкі", а жонка знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Увогуле сям'я Матвейчыкаў шматдзетная. Маладыя бацькі выхоўваюць дачушку і траіх сыноў. Вырашылі прагаласаваць датэрмінова, бо ў нядзелю гаспадар дома будзе заняты на працы. "А мяне сёння бабуля падмяніла – засталася з маленькім Ігнатам", – усміхаецца Ларыса Станіславаўна.

– Важны кожны голас, – перакананы В.В. Матвейчык. – Мы заўжды ўдзельнічаем у выбарах. Вось і сёлета прыйшлі, каб абраць дэпутатам чалавека, які будзе дапамагаць нам у вырашэнні жыццёвых праблем, прадстаўляць нашы інтарэсы ў органах улады.

 ***

Прыгожая зіма ў аграгарадку Васілішкі. На снежным белым пакрывале велічна глядзіцца будынак мясцовага цэнтра культуры. Лёгкі ветрык падвявае дзяржаўны сцяг, які развяваецца на ўваходзе. Тут жа – плакат, які інфармуе аб даце выбараў у мясцовыя Саветы, і шыльда з назвай участка для галасавання – Васілішкаўскі-цэнтральны №2.

 

Унутры, у прасторным утульным памяшканні, дзе і праходзіць датэрміновае галасаванне, абстаноўка спакойная і, я б сказала, святочная – гучыць ціхая мелодыя. Зручна размешчаны рабочыя месцы членаў камісіі і назіральнікаў, ёсць куток выбаршчыка, абсталяваны дзве кабіны. На маіх вачах да скрыні для галасавання, папярэдне атрымаўшы бюлетэні і зрабіўшы ў іх адзнаку, накіроўваюцца работнікі ААТ "Васілішкі" І.І. Савіцкая, А.М. Дзеева, А.І. Залога. Жанчыны скарысталіся абедзенным перапынкам, каб аддаць свае галасы за кандыдатаў у дэпутаты. Кажуць, на нядзелю ў іх асобныя планы і сямейныя справы.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!