Важная перамога. Шчучынцы выйшлі ў паўфінал чэмпіянату Гродзенскай вобласці па міні-футболе

Пасля працяглага перапынку на гэтых выхадных у Шчучын вярнуўся чэмпіянат Гродзенскай вобласці па міні-футболе. На пляцоўцы спарткомплексу па вуліцы Авіятараў МФК “ФСК Шчучын” прымаў гасцей з Воранава. Каманды сустрэліся ў рамках 1/4 фіналу чэмпіянату.

 

Згодна з рэгламентам чэмпіянату вобласці ў наступную стадыю плэй-офф з гэтага года каманды праходзяць не паводле розніцы галоў, а па колькасці перамог у двухматчавым паядынку. Першая чвэрцьфінальная гульня ў Воранава прынесла шчучынцам перамогу 3:4, таму дамоў нашы футбалісты ехалі з добрым запасам, бо для выхаду ў паўфінал ім было дастаткова нічыёй ў Шчучыне. А вось футбалістам з суседняга раёна трэба было абавязкова перамагаць, каб мець магчымасць выйсці ў наступны раўнд па выніках дадатковага часу.

 

 

З самага пачатку гульні стала зразумела, што шчучынцы хочуць вырашыць лёс чвэрцьфіналу яшчэ ў першым тайме. Імклівымі атакамі гаспадары пляцоўкі не давалі ні секунды воранаўскай камандзе на перадых. Такія рашучыя дзеянні на палове саперніка прынеслі плён нашай дружыне: ужо на чацвёртай хвіліне лік у матчы адкрыў Сяргей Клімец. Праз шэсць хвілін шчучынцы замацавалі свой поспех голам дэбютанта гэтага сезона Данілы Доўгеля (2:0). Пасля ўпэўненага пачатку гульні інтэнсіўнасць атакуючых дзеянняў каля варот “Воранава” не сціхала. Аднак, нягледзячы на вялікую колькасць удалых момантаў у нашай каманды, да галоў яны не прыводзілі. На 24-й хвіліне матча, пасля даволі небяспечнай атакі “Шчучына”, воранаўцы прабіліся ў контратаку і змаглі забіць (2:1). Нечаканы гол не падкасіў маральны дух шчучынскай каманды. Хуткім прарывам да варот саперніка Арцём Байгот моцным ударам забіў трэці гол гаспадароў (3:1). Пасля выніковай перастрэлкі воранаўцы сталі гуляць лепш і ўжо не давалі так проста атакаваць свае пазіцыі, ствараючы пры гэтым небяспеку каля варот “Шчучына”. Пад канец тайма адна з атак гасцей аказалася выніковай (3:2).

 

 

У другім тайме каманды працягнулі абменьвацца небяспечнымі атакамі. На 41-й хвіліне за “Шчучын” голам адзначыўся Сяргей Краявы (4:2). Безумоўна, наша каманда гуляла лепш, адзін за другім ствараліся моманты каля варот саперніка, але рэалізацыя падводзіла. Воранаўцы ж не гублялі надзеі і таксама былі некалькі разоў блізкія да забітага мяча, аднак да канца гульні лік на табло ўжо не змяніўся.

 

 

Такім чынам, наша каманда забяспечыла сабе выхад у паўфінал чэмпіянату вобласці, дзе сустрэнецца з пераможцам пары МФК “Іўе” і МФК “БелАЭС” з Астраўца.

 

 

Вынікі чвэрцьфіналу і цяперашнюю форму каманды пракаментаваў галоўны трэнер МФК “ФСК Шчучын” Дзмітрый Кірылаў:

 

– Гульню каманды ацэньваю станоўча. Але не задавальняе рэалізацыя гульнявых момантаў. Калі б мы забілі хоць палову з іх, то спакойна б перамаглі, а так канцоўка матча атрымалася крыху нервовай. Што тычыцца цяпеашняй формы – камандзе яшчэ трэба набіраць фізічныя кандыцыі, будзем працаваць над гэтым пытаннем на трэніроўках.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!