Вандруйце па Беларусі, каб пазнаць саміх сябе

 

Каб пазнаць сябе як беларуса, перш-наперш трэба пазнаць і адкрыць для сябе веліч Беларусі. А дасягнуць гэтага можна праз глыбокае веданне гісторыі і культуры краіны. З такой нагоды нядаўна група вучняў і настаўнікаў Орлеўскага д/с-СШ імя С.П. Шупені здзейсніла вандроўку па маршруце Орля-Мір-Нясвіж-Орля пад назвай “Сцежкамі гісторыі Беларусі”.

 

Многія з рабят ужо бачылі фотаздымкі Мірскага і Нясвіжскага палацаў, часткова ведалі пра веліч гэтых архітэктурных помнікаў. Але ўбачыць на свае вочы – гэта сапраўдны цуд!

 

Мірскі замак – сярэднявечны волат, які ўвасобіў у сабе готыку, рэнесанс, барока, здзівіў вандроўнікаў непрыступнымі сценамі, вытанчанымі інтэр’ерамі, велічнасцю. Аповед пра ўмураваную ў адну са сцен замка галаву барана стаў пацвярджэннем таго, што нашы продкі – таленавітыя майстры, творцы-вынаходнікі.
Калі глядзець праз браму замка на мястэчка Мір, што раскінулася як на далоні, адразу на памяць прыходзяць словы экскурсавода: “Мястэчка – яркі прыклад беларускай талерантнасці. На працягу стагоддзяў тут суседнічалі розныя народы са сваёй культурай і рэлігіяй, жылі ў атмасферы ўзаемапавагі і прызнання”.
Спатканне з Нясвіжам – горадам-легендай, горадам-музеем з надзвычай багатым мінулым – нікога не пакінула раўнадушным. Першае, што ўбачылі вандроўнікі ў Нясвіжы – гэта Слуцкую браму – помнік архітэктуры барока. Вельмі ўразіў гістарычны цэнтр старога горада: дом рамесніка, гарадская ратуша, гандлёвыя рады, Фарны касцёл, дзе размешчаны магільны склеп Радзівілаў, помнік Сымону Буднаму.
Бясспрэчна, жамчужынай сярод мноства ўбачаных помнікаў архітэктуры Нясвіжа для падарожнікаў стаў палацава-паркавы комплекс дынастыі Радзівілаў, які і сёння акружаны міфамі аб легендарных скарбах некаранаваных каралёў ВКЛ і Чорнай даме.

 

Гісторыя палаца, асобных пакояў і экспанатаў, залаў, аповед аб тым, чым жыла шляхта Беларусі, як быў створаны і дзейнічаў славуты тэатр магнатаў – усё гэта гісторыя вялікага беларускага народа, духоўны скарб, які жывіць памяць, абуджае нацыянальную свядомасць, запавет шанаваць сваю Бацькаўшчыну.
Вандруйце па Беларусі, каб пазнаёміцца з узорамі сусветнай архітэктуры, каб пазнаць саміх сябе.

 

Яна ШКЛЯР, Арцём ГРОМ, вучні Орлеўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы імя С.П. Шупені.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!