У школе – капітальны рамонт. Аднясіцеся з разуменнем!

З першага верасня гарадскія школы пачынаюць працаваць у новым рэжыме. Гэта звязана з тым, што ў СШ №2 г. Шчучына пачаўся капітальны рамонт, і там спынены навучальны працэс. Дзе будуць займацца рабяты з другой гарадской школы? Гэта і іншыя пытанні мы адрасавалі намесніку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанне Іванаўне Мецько.

 

– Сёлета СШ №2 плануе набраць амаль 690 вучняў. На даны момант усе яны размеркаваны ў іншыя школы горада і гімназію. Навучанне арганізуецца ў дзве змены, а заняткі будуць пачынацца ў 8.00 – у гімназіі і СШ №1, у 8.15 – у СШ №3. Першыя і другія класы будуць займацца ў СШ №1 г. Шчучына ў першую змену.

 

 

Сёмыя, восьмыя і дзявятыя – у другую змену. Трэцюю гарадскую школу будуць наведваць трэція, дзясяты і адзінаццатыя класы ў першую змену, і чацвёртыя – у другую. А другая змена ў гімназіі арганізуецца для пятых і шостых класаў. Для факультатыўных заняткаў адводзяцца суботы. У кожнай установе сярэдняй адукацыі будуць арганізаваны групы падоўжанага дня, каб бацькі маглі спакойна пакінуць сваіх дзяцей. Хачу адзначыць, што сёлета ў гарадскіх школах колькасць вучняў значна павялічылася. Такой тэндэнцыі не было ўжо даўно. Першая гарадская школа набірае больш за 690 дзяцей, гімназія – больш за 360. Такім чынам, калі ў раёне на гэты навучальны год налічваецца больш за 3700 дзяцей, то ў школах горада – 2300 хлопчыкаў і дзяўчынак. Таму не так проста было знайсці аптымальныя варыянты для размеркавання школьнікаў, але мы стараліся ўлічыць усе нюансы: ад раздзявалкі для дзяцей і педагогаў да дадатковага абсталявання харчаблокаў неабходнай тэхнікай і арганізацыі харчавання

 

 

– Жанна Іванаўна, якія работы плануецца выканаць падчас капітальнага рамонту ў СШ №2 г. Шчучына?

 

– Капітальны рамонт данай установы адукацыі праводзіцца ў рамках праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь” і фінансуецца са сродкаў Сусветнага банка. У школе, якая была ўзведзена ў 1958 годзе, будуць поўнасцю заменены сістэмы водаадвядзення і каналізацыі, сістэма ацяплення, падлогі, будзе устаноўлена новая сантэхніка, заменены вокны, праведзены іншыя работы. Акрамя гэтага, у школе са сродкаў рэспубліканскага бюджэту плануецца цалкам абсталяваць чатыры кабінеты: хіміі, фізікі, біялогіі і інфарматыкі. 
Безумоўна, за тры месяцы такі грандыёзны рамонт правесці немагчыма. Усе работы намечана выканаць да канца гэтага года. За ходам рамонту вядзецца самы пільны кантроль. Хачу папрасіць бацькоў з разуменнем аднесціся да гэтай сітуацыі і да часовых цяжкасцей. У выніку мы атрымаем сучасную, утульную школу, у якой нашым дзецям будзе камфортна вучыцца. 

 

 

– Ці будзе вырашацца пытанне з падвозам школьнікаў? Не так проста дзецям, напрыклад, з вуліцы Заводскай дабрацца ў СШ №3.

 

– Пытанне аб арганізацыі падвозу разглядаецца ўжо цяпер сумесна з кіраўніцтвам аўтамабільнага парка №12 і з упраўленнем эканомікі райвыканкама. Дзеці будуць дастаўляцца і ў цэнтр горада да гімназіі і СШ №1, і ў Паўднёва-Заходні мікрараён да СШ №3. 
Яшчэ раз падкрэслю, мы зробім усё магчымае, каб стварыць максімальна камфортныя умовы для ўсіх дзяцей і педагогаў. І вельмі разлічваем на разуменне і падтрымку бацькоў. 

 

 

Ганна РУДСКАЯ. 
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.