Валявая перамога ў Ваўкавыску. На апошніх секундах ФК “Шчучын” адолеў “Змену” у рамках 13 тура чэмпіянату вобласці па футболе

ФК “Шчучын” працягвае свой шлях у чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па футболе сярод каманд Другой лігі. У мінулую нядзелю наша каманда адправілася на важную выязную гульню з ваўкавыскай “Зменай”, адкуль вярнулася з трыма ачкамі. Матч стаў сапраўдным выпрабаваннем на волю да перамогі і дысцыпліну на полі.

 

Апошняя сустрэча каманд адбылася яшчэ ў канцы мая. Тады перад хатнімі трыбунамі “Шчучын” адолеў “Змену” з лікам 2:1. Той матч запомніўся напружанай барацьбой, у якой абедзве каманды прэтэндавалі на перамогу. Таму перад гульнёй у Ваўкавыску шчучынцы разумелі, што едуць да сур’ёзнага саперніка, які захоча ўзяць рэванш.

 

Ваўкавыск сустрэў шчучынцаў моцным ветрам і дажджом. Аднак надвор’е не замінула нашым футбалістам адкрыць лік ужо на першых хвілінах матча. Праўда гаспадары таксама часу не гублялі і літаральна праз хвіліну зраўнялі лічбы на табло (1:1). У сярэдзіне першай паловы сустрэчы футбалісты “Змены” парушылі правілы ў сваёй штрафной пляцоўцы, суддзя назначыў пенальці, які шчучынцы не змаглі рэалізаваць. “Не забіваеш ты – забіваюць табе”, – гаворыць футбольная мудрасць. Праз некалькі хвілін пенальці за парушэнне паставілі ў вароты “Шчучына”. Гэтым шанцам гаспадары скарысталіся, паспяхова рэалізаваўшы 11-метровы ўдар. З лікам 2:1 на карысць “Змены” першы тайм і скончыўся.

 

Другі тайм пачаўся добра для гаспадароў поля. Футбалісты “Змены” забілі яшчэ адзін мяч у вароты нашай каманды. Лік на табло стаў 3:1. Перавага ў два мячы дазваляла ваўкавыскім футбалістам камфортна давесці гульню да перамогі. А вось шчучынцам ужо не было чаго губляць, таму наша каманда перайшла да дзёрзкай атакуючай гульні на чужой палове поля. Ваўкавыскія футбалісты ў сваю чаргу закрыліся ў абароне. Тактычныя змены адразу ж адбіліся на малюнку гульні. “Шчучын” пачаў больш атакаваць, і гэта мела вынік. Адбіваючы атаку за атакай, футбалісты “Змены” пачалі часцей парушаць правілы, адзін з такіх фалоў прывёў да трэцяга пенальці ў матчы. Гэтым разам шчучынцы рэалізавалі свой шанец, перавага гаспадароў паменшылася да аднаго мяча (3:2).

 

На пэўны час на полі ўсталявалася безгалявое зацішша. Шчучынцы атакавалі, а ваўкавычане адбівалі напады. Аднак у канцоўцы асноўнага часу сустрэчы наша каманда такі здолела прарваць абарончыя рэдуты саперніка і зраўняць лік (3:3). Здавалася б, выратаванне ад паразы за некалькі хвілін да канца гульні – добры вынік, але для вырашэння глабальных турнірных задач гэтага мала. На апошніх секундах матча шчучынцы не закрываліся ў абароне і ў імклівай атацы змаглі вырваць перамогу, забіўшы гол перад самым фінальным свістком.

 

Такім чынам, матч скончыўся з лікам 3:4 на карысць “Шчучына”. Валявая перамога дазволіла нашай камандзе застацца ў лідарскай гонцы і прэтэндаваць на перамогу ў абласным першынстве. Віншуем нашых футбалістаў з перамогай!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!