Валянціна Вянсковіч: "Майстар-сырароб -- прафесія творчая!"

Тое, што па выніках раённага спаборніцтва яе прызналі лепшай па прафесіі, для майстра-сырароба шостага (самага высокага!) разраду Валянціны Сяргееўны Вянсковіч стала нечаканасцю. Аднак у ААТ "Шчучынскі масласырзавод" ведалі, каго рэкамендаваць: працавітая, кампетэнтная, адданая справе і роднаму прадпрыемству. Усё гэта пра В.С. Вянсковіч, якая ніколі не самазаспакойваецца, а заўсёды гатова вучыцца і развівацца, браць на сябе адказнасць, унікаць ва ўсе нюансы прафесіі і ўдасканальвацца.  Крыху хвалюючыся, яна прыбыла на злёт перадавікоў у раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, дзе мы і пазнаёміліся.

-- Люблю пунктуальнасць. Лепш сама пачакаю хвілінку-другую, чым мяне будуць чакаць, -- коратка акрэсліла сваю пазіцыю гэта стыльная, крыху стрыманая ў эмоцыях, але адкрытая і абаяльная жанчына. -- А паспяваць усюды мне дапамагае мой верны "Фіат". За рулём 16 год. Дзеці, можна сказаць, у машыне выраслі, правілы дарожнага руху ўжо бездакорна ведаюць, -- усміхаецца Валянціна.

Сапраўды, жывучы ў Рэзах без машыны, як без рук. Раніца маёй гераіні пачынаецца з развозу дзяцей у гарадскія школу і садок, а затым трэба паспець своечасова прыняць працоўную змену.

Перайсці на масласырзавод яшчэ ў 2005-м яе "спакусіў" муж. Уладзімір Вянсковіч і сам тут працуе, і бацькі яго -- завадчане, толькі ўжо на заслужаным адпачынку. Так што цэлая працоўная дынастыя ўтварылася. Ці магла пры такім раскладзе Валянціна адносіцца да сваіх абавязкаў з халадком?

-- Я пачынала з прасоўшчыка сыру, а мой свёкар Фелікс Людвікавіч Вянсковіч быў адмысловым сыраробам, шчодра перадаваў мне сакрэты свайго майстэрства. З 2011 года я і падхапіла эстафету гэтай нялёгкай, але творчай і цікавай прафесіі, -- распавядае Валянціна Сяргееўна. -- Нягледзячы на аўтаматызацыю сучаснай вытворчасці, па-ранейшаму на смак кожнай партыі сыру можа паўплываць сырароб, які па сваёй інтуіцыі чаруе над закваскай, выбірае працягласць той або іншай аперацыі, бо тэхналогія ў даным выпадку як раз такі дапускае вар'іраванне. Важна пры гэтым думаць, пралічваць, калі хочаце -- мець натхненне, і тады твой сыр будзе самым-самым! -- з агеньчыкам у вачах распавядае майстар.

-- А самі, якому сыру аддаяце перавагу? -- пытаюся ў суразмоўцы.

-- Ды я выключна ўсе нашы шчучынскія сыры люблю, бо маю да іх вырабу самае непасрэднае дачыненне! А купляю найчасцей "Чорны рыцар" -- цудоўнае дапаўненне да кубачка моцнай ранішняй кавы. Маім дамачадцам падабаецца мяса па-французску, і тут без такога сыру аніяк. А вось зараз мы пачалі вытворчасць чарговай навінкі -- сыру баварскага з пажытнікам. Надзвычай своеасаблівы, арыгінальны смак, -- рэкамендуе В.С. Вянсковіч.

Вядома, паміж намі, жанчынамі, не абышлося, каб не абмеркаваць рэцэпты гастранамічныя і рэцэпты … сямейнага шчасця, жаночай паспяховасці, выхавання дзяцей.

-- Самае галоўнае ў сям'і разумець адзін аднаго, усе спрэчныя моманты вырашаць, што называецца, за сталом перамоў. Сітуацыю заўжды разруліць размова па-шчырасці, а не канфлікт, -- пераканана Валянціна. -- А дзеці найчасцей бяруць прыклад з бацькоў, так што, як мы да іх ставімся -- такую і аддачу атрымліваем.

Напружаныя працоўныя дні на заводзе, дзе іншы раз даводзіцца цэлую змену правесці на нагах, не вызваляюць Валянціну Сяргееўну ад шматлікіх абавязкаў па дому. Яны з мужам клапоцяцца, каб прыгожай была сядзіба -- здзіўляла малымі архітэктурнымі формамі, патанала ў кветках па вясне.

-- Люблю займацца агародам, -- прызнаецца Валянціна. -- А яшчэ -- вязаць, эксперыментаваць над усялякага роду творчымі паробкамі. Неяк у якасці прэзенцікаў сваімі рукамі зрабіла для калег папяровыя цюльпаны з цукеркай-сюрпрызам. Такім чынам павіншавала жанчын са святам.

-- А што для Вас наогул значыць дата 8 Сакавіка?

-- Гэта вясна ў душы, прыўзняты настрой, калі чакаеш падарункаў і сюрпрызаў ад сваіх самых любімых людзей. Я зусім не супраць, каб 8 Сакавіка доўжылася круглы год!

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.