Валачобнікі пад акном: артысты Шчучынскага РЦКіНТ павіншавалі жыхароў аддаленых вёсак раёна з каталіцкім Вялікаднем

 

Захаванню народных традыцый Шчучынскі РЦКіНТ удзяляе вялікую ўвагу. Вось і нядаўна культработнікі парадавалі чарговай імпрэзай. З мэтай захавання традыцый народных святкаванняў, у рамках праекта “Поющий автобус”, артысты Шчучынскага РЦКіНТ сумесна з дэмбраўскімі і ляшчанскімі культработнікамі павіншавалі жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак раёна з каталіцкім Вялікаднем.

 

Вялікдзень – адно з найбольш любімых і ўрачыстых святаў беларусаў. Нядзіўна, што за многія стагоддзі яно абрасло шматлікімі традыцыямі і абрадамі. Адной з найбольш яркіх асаблівасцей беларускага Вялікадня з’яўляецца валачобніцтва. Звычайна валачобнікі абыходзілі вёску, спяваючы пад вокнамі хат валачобныя песні і адорваючы гаспадароў добрымі пажаданнямі.

 

 – Раней абрад валачобніцтва быў вельмі папулярны, – зрабіла экскурс у гісторыю Таццяна Ціцяк. – Для выканання абрадаў ствараўся валачобны гурт. Галоўным у гурце быў запявала, які дасканала ведаў святочныя абрады, валачобныя песнi і пачынаў іх. Важным у гурце быў музыка. Ён суправаджаў спяванне iгрой на скрыпцы або на дудзе. Асобны чын – механоша, які нaciў “валачобнае” – святочныя дapункi гурту.

 

 

Астатнiя называлiся падхватнiкамi. У пачатку свята гурт абыходзiў усе сялянскiя двары па парадку, станавiўся паўкругам перад акном хаты i спяваў, славiў гаспадара, яго працу, зычыў плёну на нiвe, прыплоду ў статку, шчасця ўсёй сям’i. Велiчалi i ўслаўлялi і гаспадыню. Пасля спеваў гаспадар або гаспадыня адчынялi акно, дзякавалi валачобнікам i давалi валачобнае (яйкi, сыр, каўбасы). Пасля абходу ўcix двароў удзельнiкі гурту дзялiлi валачобнае.

 

Цяпер такі абрад захаваўся толькі ў некаторых вёсках нашага раёна. Аднак валачобнікаў усе сустракаюць з радасцю. Сведчанне таму – чарговы выезд аўтобуса, які спявае. На працягу гадзіны Валянціна Маркевіч, Дзмітрый Паварго, Алёна Касатава, Таццяна Ціцяк і Генадзь Паноў радавалі сяльчан песнямі ды гульнямі.

 

 

 – Дабрацца да горада не ўсім пад сілу, а тут артысты з дастаўкай на дом! – гаворыць загадчыца сектара па нестацыянарным абслугоўванні насельніцтва Шчучынскага РЦКіНТ Таццяна Ціцяк. – Людзі шчыра сустракалі нас і актыўна ўдзельнічалі ў велікодным абрадзе – выпрабоўвалі на моц фарбаваныя яйкі.
Добрыя словы і шчырыя песні падаравалі ў той дзень святочны настрой жыхарам адразу некалькіх вёсак: Еўлашы, Багданы, Доўгая, Кухары, Барысаўка, Вайкалы, Красная, Старадворцы, Андрушоўцы і іншых.

 

Ганна КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!