Узнагароды лепшым жывёлаводам. У Шчучынскім раёне завяршылася рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”

 

На гэтым тыдні ў Шчучынскім раёне завяршылася рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”. У рамках акцыі прадстаўнікі раённай улады наведвалі жывёлагадоўчыя комплексы нашага раёна, сустракаліся з працоўнымі калектывамі і ўзнагароджвалі лепшых работнікаў.

 

Апошні візіт у рамках рэспубліканскай акцыі сёлета прыпаў на свінагадоўчы комплекс “Збражкі” ААТ “Васілішкі”. Туды прыехалі першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Іна Кучура і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Генрых Юрэвіч.

 

 

– Шчыра радая бачыць перад сабой людзей, якія сумленна працуюць і развіваюць жывёлагадоўлю нашага раёна, – прызналася Іна Кучура. – Зычу, каб вашы поспехі толькі памнажаліся, праца годна аплачвалася, каб у кожнай сям’і былі любоў, спакой і дабрабыт. Шчыры дзякуй за вашу нялёгкую працу.

 

Таксама перад працоўным калектывам выступіў Генрых Юрэвіч:

 

– Сёння мы прыехалі з добрай місіяй, штогод праводзіцца акцыя “Наш жывёлавод”, арганізаваная Беларускім прафсаюзам работнікаў АПК. Раней так атрымлівалася, што больш заўважалі сяўбу, уборку збожжавых, нарыхтоўку кармоў, а жывёлаводаў неяк абыходзілі ўвагай. Таму і было вырашана арганізаваць гэтую акцыю. Сёлета мы аб’ехалі ўсе гаспадаркі нашага раёна, адзначалі лепшых па прафесіі, і вось чарга дайшла да вас.

 

 

Падзячнымі лістамі і грашовымі прэміямі былі адзначаны аператар працэсу перапрацоўкі зерня Рамуальд Барысевіч, аператар па ветэрынарнай апрацоўцы жывёл Анжаліка Блізнеўская, слесар па рамонце сельгасмашын і абсталявання Алег Гладкіх, аператар племянной свінафермы Ірына Грыгаровіч, вадзіцель аўтамабіля свінагадоўчага комплексу Канстанцін Драздоў, начальнік фермы Валерый Івашка, трактарыст-машыніст свінагадоўчага комплексу Віктар Казлоўскі, аператар па штучным асемяненні Тэрэза Люткевіч, аператар Вадзім Страх.

 

 

Свінакомплекс “Збражкі” налічвае каля 78 тысяч галоў жывёлы і такім чынам з’яўляецца найбуйнейшым падобным комплексам у Гродзенскай вобласці. Калектыў адказна ставіцца да сваіх задач, таму нягледзячы на сур’ёзныя маштабы вытворчасці, па якасці тут не саступаюць меншым комплексам і трымаюць адзін з самых высокіх паказчыкаў сярэднясутачнага прыбаўлення ў вазе ў вобласці.

 

 

Пасля ўзнагароджвання госці абмеркавалі з працоўным калектывам актуальныя тэмы. Напрыканцы сустрэчы Генрых Юрэвіч адзначыў, што акрамя працы важна таксама берагчы сябе і ўважліва сачыць за сваім здароўем. Добра адпачыць і набрацца сіл можна ў прафсаюзных здраўніцах, якіх па ўсёй краіне налічваецца 15. Тым больш што 50% кошту пуцёўкі аплачваецца гаспадаркай, 25% бярэ на сябе прафсаюз, таксама работніку дадаткова выплачваецца матэрыяльная дапамога.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!