Утульнасць і святло яны прыносяць людзям

Усяго два дні спатрэбілася рамонтнай брыгадзе РЭС пад кіраўніцтвам майстра Віктара Генрыхавіча Ляха, каб правесці мадэрнізацыю трансфарматарнай падстанцыі ААТ “ШчучынАГРАХІМсэрвіс” у Ражанцы. Цяпер яна працуе ў штатным рэжыме.

– Мы дэмантавалі зношанае абсталяванне, якое больш не вытрымлівала неабходныя наміналы, і паставілі сучасную аўтаматычную ахову, – тлумачыць В.Г. Лях. – Цяпер у выпадку кароткага замыкання спецыяльныя ўводныя аўтаматы адключаць падачу току, что засцеражэ прыборы ад перагарання.
З надыходам зімы клопатаў у шчучынскіх энергетыкаў значна прыбавілася. Амаль кожны дзень у дыспетчарскую РЭС з розных куточкаў раёна паступаюць трывожныя сігналы: да прыкладу, дзесьці адбыўся абрыў лініі электраперадач і тая ці іншая вёсачка засталася без святла. І вось ужо рамонтная брыгада імчыць на месца здарэння, каб аператыўна выправіць сітуацыю.


– Мы дзяжурым кругласутачна, і ні адзін званок не застанецца па-за ўвагай, – гарантуе начальнік дыспетчарскай службы Шчучынскага РЭС Генрых Станіслававіч Серахан. – Сёлета мы цалкам замянілі мнемасхему памерам 11 на 2,9 метра, на якой размешчаны асноўныя электрасеткі раёна і ўсе трансфарматарныя падстанцыі, таму без праблем можам лакалізаваць месца аварыі. Камп’ютар маментальна фіксіруе любыя збоі ў энергазабеспячэнні і пасылае адпаведны гукавы і светлавы сігналы. На спецыяльных маніторах адлюстроўваюцца маячкі на карце раёна – гэта нашы рамонтныя брыгады, чые аўтамабілі аснашчаны спутнікавай сістэмай навігацыі GPS. Такім чынам мы вызначаем, якая з іх знаходзіцца бліжэй да месца здарэння, і аператыўна накіроўваем на вызаў. Таксама на маніторах размешчаны прагноз надвор’я, тэмпература паветра, наяўнасць ападкаў і іншая карысная інфармацыя, важная ў нашай працы.
А работы ў шчучынскіх энергетыкаў сапраўды хапае: яны забяспечваюць бесперабойнай электраэнергіяй амаль 28 тысяч спажыўцоў электрасетак. Працягласць паветраных ліній электраперадач складае больш за 2696 кіламетраў, плошча абслугоўвання – 190 тысяч гектараў, а аб’ём – больш за 9 тысяч умоўных адзінак электрычнага абсталявання. За 11 месяцаў спажыўцам было рэалізавана 81,5 мільёна кВт.г на суму 18 мільёнаў рублёў.


На жаль, знаходзяцца людзі, якія пускаюцца на розныя хітрыкі, каб ухіліцца ад уплаты за спажываемую энергію. Таму энергетыкам даводзіцца праяўляць прынцыповасць, настойлівасць і ініцыятыву, каб перашкодзіць парушальнікам. За адзінаццаць месяцаў бягучага года спецыялісты Шчучынскага РЭС правялі 100 рэйдаў, па выніках якіх склалі 192 акты за розныя парушэнні правіл карыстання электраэнергіяй. Дзякуючы гэтаму дзяржаве было вернута 43 тысячы рублёў. Правільнаму ўліку выкарыстоўваемай электраэнергіі садзейнічае і замена старых электралічыльнікаў на новыя: сёлета іх было ўсталявана 3177. Сярод работнікаў збыту вызначыліся працай майстар Р.У. Мароз, электраманцёры В.Ч. Вербаль, А.М. Тарскіх, кантралёры А.Ю. Маркевіч, І.І. Судніковіч, Т.С. Галіцкая і С.А. Цыбульская.
– Мы заўсёды выконваем даведзеныя вытворчыя планы, і бягучы год не стаў выключэннем, – падкрэслівае начальнік Шчучынскага РЭС Аляксандр Паўлавіч Асовік. – Сёлета рэканструявалі і правялі капітальны рамонт звыш 174 кіламетраў ліній электраперадач 10 кВ, больш за 163 кіламетры ліній электраперадач 0,4 кВ, замянілі і капітальна адрамантавалі 127 трансфарматарных падстанцый. Усё гэта ўдалося ажыццявіць дзякуючы самаадданай і зладжанай працы ўсяго калектыву. Павагай і аўтарытэтам у калег заслужана карыстаюцца майстры В.Г. Лях, І.С. Байкоў, М.І. Жук, А.А, Гайдукевіч, А.А. Новік і Я.М. Мулярчык. Выдатна выконваюць свае абавязкі аўтаслесар Г.С. Варонік, электраманцёры С.А. Ханько, Я.Л. Даніловіч, І.І. Каспяровіч, Д.А. Варлухін, Ю.О. Санько, І.Д. Гудач, Г.С. Мацяюк, машыністы Т.С. Кузьма, Б.В. Байгот, Л.Л. Кахновіч, А.Р. Вейка, В.Ю. Місюк. Менавіта гэтыя людзі складаюць баявітае ядро арганізацыі, на якіх раўняюцца астатнія. З кожным годам наш калектыў папаўняецца маладымі кадрамі, якія з задавальненнем пераймаюць багатыя працоўныя традыцыі. 


Паколькі прафесія энергетыка звязана з павышанай небяспекай, у арганізацыі надаюць асаблівую ўвагу ахове працы. 
– Перад выездам на вызаў усе нашы рамонтныя брыгады праходзяць абавязковы інструктаж, які запісваецца на аўдыёрэгістратар, – зазначае намеснік галоўнага інжынера Шчучынскага РЭС Уладзімір Мікалаевіч Бондараў. – Машыны абсталяваны відэарэгістратарамі, пры дапамозе якіх запісваецца ўвесь рабочы працэс. Увесь адзняты матэрыял штодзённа праглядаюць майстры і інжынеры на наяўнасць парушэнняў тэхнікі бяспекі. Таму дысцыпліна у нас на вышыні! Усе нашы работнікі забяспечаны спецадзеннем і сродкамі аховы. Усе гэтыя прафілактычныя меры дазволілі знізіць узровень траўматызму да мінімуму. Вельмі важна, каб жыхары раёна таксама не грэбавалі правіламі энергабяспекі і аховы электрычных сетак. Толькі так можна засцерагчыся ад бяды.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!