Усё пачынаецца з “Вытокаў”

Ніколі не магу прайсці міма аўтарскіх работ. Аднойчы на выставе, якая ладзілася ў ПТДіМ, убачыла цудоўнае люстэрка, аздобленае драўлянай рамкай, ды такой прыгожай! Значыўся майстар – С.І. Сасноўскі. Я вырашыла абавязкова пазнаёміцца з гэтым творчым чалавекам. Аказалася, што ён разам з жонкай Наталляй Паўлаўнай працуе ў студыі “Вытокі” ПТДіМ.
Творчы тандэм
У майстэрні, якая размясцілася па вуліцы Астроўскага, 34, вельмі ціха і ўтульна. Здаецца, тут валадарыць сама творчасць. Тонкі пах дрэва змешваецца з пахам фарбаў і ўтварае нейкую асаблівую, салодкую гаму водараў. Пакой умоўна раздзелены на дзве часткі – творчыя зоны, у якіх з юнымі выхаванцамі працуюць Сяргей Іванавіч і Наталля Паўлаўна. Сасноўскія – творчыя асобы, якія натхнёна бяруцца за любыя неардынарныя праекты. Яны знаёмяць дзяцей з асаблівасцямі і прыёмамі разьбы, графікі і жывапісу. У свой час Сяргей Іванавіч і Наталля Паўлаўна скончылі Бабруйскае мастацкае вучылішча. Нягледзячы на тое, што конкурс быў вялікім – 14 чалавек на месца, Сяргей і Наталля сталі студэнтамі. У вучылішчы яны і пазнаёміліся. З таго часу разам жывуць і твораць.
Драўляных спраў майстар

Сяргей з дзяцінства любіў маляваць. А як падрос – пацягнуўся да дрэва. Як і ўсе вясковыя хлапчукі, майстраваў драўляныя пісталеты і розныя цацкі. Юнаку падабалася ствараць прыгажосць сваімі рукамі, таму ён і вырашыў асвоіць разьбу па дрэве. Першай сур’ёзнай працай рэзчыка была карціна – інкрустацыя рознымі пародамі дрэў. Атрымаўся вельмі прыгожы пейзаж, які зараз упрыгожвае сцяну майстэрні. Студэнт працаваў над гэтай карцінай некалькі месяцаў. Цяпер, прызнаўся, хапіла б і аднаго-двух тыдняў. Давялося майстру пазнаёміцца і з іншым матэрыялам: пэўны час ён працаваў з камнем.
– Гэта зусім іншы матэрыял, – прызнаўся Сяргей Іванавіч. – Безумоўна, усё ў якімсьці сэнсе жывое: і дрэва, і камень, аднак ён памылак не даруе. Да таго ж камень – халодны, а дрэва – цёплае, з ім прыемней працаваць.
Давялося нашаму герою і яго жонцы працаваць і на Гомельскім ліцейным заводзе “Цэнтраліт”. І цяпер сустракаюць Сасноўскія свае работы ў розных гарадах Беларусі.
Сяргей Іванавіч паспрабаваў сябе і ў вырабе эксклюзіўнай мэблі. З цікавасцю перагортвала старонкі старога фотаальбома з працамі майстра. Мудрагелістыя ўзоры і прыгожыя арнаменты так хораша глядзеліся на камодах, шафах, сталах… Высока ацанілі творчасць беларускага майстра ў Расіі, Чэхіі, Германіі і іншых краінах. Была б сталярка, і сёння Сяргей Іванавіч працягваў бы любімую справу.
– Можна навучыцца вашаму рамяству?
– Каб працаваць з дрэвам, павінны быць велізарнае жаданне, цяга да гэтага рамяства. Далей – практыка і вопыт. Безумоўна, большасць дзяцей, якія прыходзяць на заняткі па разьбе, не стануць прафесійнымі сталярамі і разьбярамі. Але займаючыся разьбой па дрэве, яны змогуць дакрануцца да прыгажосці, стварыць яе сваімі рукамі, адчуць сябе творцам. Да таго ж разьба развівае творчае ўяўленне, пачуццё формы, аб’ёму і кампазіцыі.
Сяргей Іванавіч Сасноўскі аказаўся вельмі цікавым суразмоўцам. Ён расказваў пра тонкасці тэхналогій і тыпы драўніны, паказваў свае работы.
Вельмі хацелася паглядзець, як майстар стварае свае шэдэўры.
Працоўнае месца рэзчыка па дрэве вельмі сціплае. Стол, шафы, паліцы. З інструменту – рубанак, нажоўка, нажы, разцы, стамескі…
– Бадай кожным інструментам можна галіцца, уяўляеце, наколькі яны вострыя? – заўважыўшы мой дапытлівы позірк, патлумачыў Сяргей Іванавіч, тым самам адбіўшы маё жаданне паспрабаваць свае сілы ў разьбярнай справе.
– Каб працаваць з дрэвам, трэба мець моцную руку і сачыць за тэхнікай бяспекі, – гаворыць майстар. – Дзеці працуюць пад маім пільным доглядам: дзяўчынкі гравюры выразаюць, а хлопчыкі практыкуюць узоры і арнаменты на дошчачках.
Майстру і самому падабаецца працаваць з арнаментамі. Для адных ён выкарыстоўвае трафарэт, іншыя малюе адразу. Вобраз майстар трымае ў галаве. Перад вачамі як чысты ліст – матэрыял. І тут галоўнае, не згубіць вобраз, паспець зрабіць патрэбны штрых.
На стале заўважаю гербы Шчучына і Варэны. Сяргей Іванавіч Сасноўскі – аўтар драўляных карцін з выявамі гербаў, якія дораць ганаровым гасцям Шчучына, гарадам-пабрацімам. Аказалася, на выраб такога арыгінальнага падарунка затрачваецца не адзін дзень. Уважліва разглядаю работу. Навобмацак драўляная частка герба вельмі мяккая і цёплая.
Тым часам Сяргей Іванавіч уключае лямпу, уладкоўваецца на працоўнае месца і бярэцца за справу. Здаецца, што ў яго руках другое жыццё здабывае любое дрэва. Разец уваходзіць у загатоўку, як у масла… Штрых за штрыхом – і карона становіцца аб’ёмнай.
– Гэта ліпа – мяккі і падатлівы матэрыял. З ім вельмі зручна працаваць. Да таго ж яна ўсё жыццё жыве з людзьмі: з яе рабілі і робяць посуд, – каменціруе майстар.
– А з якім дрэвам складана працаваць?
– З дубам. Вам калі-небудзь даводзілася рэзаць сала з лядоўні? Вось так і дуб цяжка апрацоўваць.
Аднак майстар не баіцца цяжкасцей і працуе з рознымі пародамі дрэў. Можа Сяргей Іванавіч аднавіць і старыя рэчы з дрэва, каб яны працягвалі жыць у інтэр’еры далей.
Работы майстра захапляюць. Вось рама для люстэрка з жар-птушкамі, вось варажэя з картамі, далей – рыбіна… Аказалася, што наш герой да таго ж заядлы рыбак. Некалькі гадоў таму 5-кілаграмовую рыбіну выцягнуў з нашага шчучынскага возера! Шматгранная натура, што тут скажаш.
Бязмежны свет яе мастацтва

Наталля Паўлаўна – чалавек не менш творчы. Яна – мастак роспісу. Упершыню маленькая Наташа ўзяла алоўкі ў рукі ў два гады, у той скрыначцы з алоўкамі, мусіць, і знайшла яна сваё натхненне. Дзяўчынка выхоўвалася ў сям’і ваенных, таму прывыкла ўсё рабіць на “выдатна”. Яна была адной з дзвюх дзяўчат, якія атрымалі пяцёркі падчас уступнага іспыту пры паступленні ў вучылішча.
Наталля Паўлаўна піша карціны па памяці і з натуры. На іх – родныя мясціны Гомельшчыны і Шчучыншчыны, дарагія сэрцу людзі і верныя сябры. Яркія, насычаныя фарбы, упэўненыя мазкі і багатая фантазія ствараюць неверагодна прыгожыя карціны, якія нараджаюцца ў душы аўтара і знаходзяць свае адлюстраванне на паперы.
Працы Наталлі Паўлаўны можна ўбачыць не толькі на выстаўках ПТДіМ, але і ў інтэрнэце на сайце “Ілюстратар”.
– А ці ёсць у Вас любімая, адметная праца? – пытаю ў сваёй суразмоўцы.
– Неяк наш сябра Міхаіл Чарнадзедаў падараваў фотаздымак, які зрабіў з акна сваёй кватэры, – расказвае Наталля Паўлаўна. – На ім праз заінелае шкельца віднеецца наша гімназія. Я вырашыла намаляваць такаю карціну. Доўга дабівалася эфекту марознага шкла, зімовага каларыту і казачнасці.
Атрымалася ну вельмі прыгожа! Цяпер карціна займае сваё пачэснае месца ў доме Сасноўскіх.
Наша гераіня працуе ў розных тэхніках. З паперы, пер’я, скуры стварае сапраўдныя шэдэўры. Мастак спрабуе сябе і ў камп’ютарнай графіцы – стала аўтарам некалькіх вокладак для кніг. У героях, што на тых вокладках, лёгка пазнаюцца любімы муж і таленавітыя выхаванцы.

Працуе наша гераіня дома: уключае музыку і вядзе з лістом паперы сваю творчую бяседу. А яшчэ яна размалёўвае работы мужа! Вось такі творчы тандэм атрымаўся ў Сасноўскіх. Часам муж, завяршыўшы чарговую работу, просіць у жонкі: “Паглядзі”. І яна глядзіць, але не крытыкуе, а па-жаночаму мякка і асцярожна падказвае каханаму.

Амаль 40 гадоў падтрымліваюць Сяргей Іванавіч і Наталля Паўлаўна адзін другога, шчыра радуюцца за поспехі і натхняюць на новыя праекты. Аднак самым лепшым праектам смела называюць з’яўленне на свет двух таленавітых дзяцей – сына і дачкі. Аляксандр – музыкант, а Вольга – мастачка. Падрастае ў сям’і Сасноўскіх і новае пакаленне – унучкі Аліса і Тэона.
Наталля Паўлаўна, як і яе муж, займаецца з дзеткамі рознага ўзросту, дапамагае раскрыцца іх таленту. Хлопчыкі і дзяўчынкі спяшаюцца ў творчую майстэрню з радасцю. Яно і не дзіўна. Тут можна не толькі маляваць, але і адпачываць, гуляць у “Манаполію” і “Уно”.
Творчая абстаноўка і таленавітыя педагогі натхняюць. Можа таму іх выхаванцы не раз станавіліся пераможцамі разнастайных конкурсаў, а значыць, вырасце новае пакаленне неардынарных і творчых шчучынцаў.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара і з архіва сям’і Сасноўскіх.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.