Усё лепшае – дзецям: на стадыёне СШ №1 горада Шчучына ўсталёўваюць сучасную міні-футбольную пляцоўку

 

На стадыёне сярэдняй школы № 1 горада Шчучына поўным ходам ідуць будаўнічыя працы: гудзе тэхніка, завіхаюцца рабочыя. Усё гэта таму, што ў хуткім часе ў нашым горадзе з’явіцца сучасная міні-футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём.

 

Спартыўны аб’ект будуецца ў рамках рэспубліканскага сацыяльнага праекта “Bonfesto – дзецям”, які ў нашым раёне сумесна рэалізуецца Тураўскім малочным камбінатам, Беларускай федэрацыяй футбола і Шчучынскім раённым выканаўчым камітэтам. Паводле праекта ў кожным раённым цэнтры нашай краіны павінна з’явіцца сучасная міні-футбольная пляцоўка.

 

 

Зараз на аб’екце ідзе першы этап будаўніцтва – падрыхтоўка пляцоўкі пад штучнае міні-футбольнае пакрыццё. Справа ў тым, што міні-футбольнае поле павінна знаходзіцца на спецыяльна падрыхтаванай дрэнажнай падушцы, якая складаецца са слаёў пяску, буйнога жвіру і друзу. Гэта падушка робіцца для таго, каб уся вільгаць ад дажджу і снегу сыходзіла ў зямлю, што ў сваю чаргу дазваляе выкарыстоўваць пляцоўку ў любы сезон году, незалежна ад надвор’я.

 

Працы па падрыхтоўцы дрэнажнай падушкі і бардзюра вакол пляцоўкі выконваюць будаўнікі Шчучынскай МПМК-167. У сваю чаргу Тураўскі малочны камбінат абавязуецца купіць штучнае пакрыццё і аплаціць яго ўсталяванне. Беларуская федэрацыя футбола адказвае за ўзвядзенне агароджы міні-футбольнага поля. Плануецца, што новы спартыўны аб’ект увядуць у эксплуатацыю ўжо гэтай восенню.

 

 

Ацаніў запатрабаванасць новай спартыўнай пляцоўкі кіраўнік ДУ “Шчучынскі раённы цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў” Іван Гваздоўскі:

 

– Новая міні-футбольная пляцоўка, безумоўна, будзе запатрабавана. Па-першае, таму, што стадыёнам СШ № 1 горада Шчучына карыстаецца таксама і гарадская гімназія. Агулам гэта ўжо больш за тысячу дзяцей. Па-другое – у раёне будаўніцтва знаходзіцца буйны жыллёвы масіў – вуліца Зялёная. Улічваючы тое, што на тэрыторыю стадыёна доступ адкрыты ў любы час, новая пляцоўка будзе запатрабавана не толькі сярод школьнікаў, але і ў значнай часткі насельніцтва горада.

 

Дарэчы, на стадыёне СШ № 1 не так даўно былі ўсталёваны сучасныя вулічныя трэнажоры і баскетбольная пляцоўка з якасным пакрыццём. Таму маем усе падставы лічыць гэта месца адным з самых запатрабаваных цэнтраў прыцягнення спартыўнага насельніцтва Шчучына.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!