Усвядомленае бацькоўства – задача школы і сям’і. У Шчучыне прайшоў раённы бацькоўскі сход

 

Усвядомленае бацькоўства – задача школы і сям’і, менавіта так гучала тэма раённага бацькоўскага сходу, які нядаўна прайшоў у Шчучыне. У актавай зале палаца творчасці дзяцей і моладзі сабраліся бацькі школьнікаў і прадстаўнікі ўстаноў адукацыі нашага раёна. Тэмы, якія паднімаліся на сходзе, закраналі гарманічныя стасункі ў сям’і і бяспеку дзяцей у розных аспектах жыцця.

 

Акрамя спецыялістаў аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама спікерамі на мерапрыемстве былі прадстаўнікі РАНС, Шчучынскай ЦРБ, інспекцыі па справах непаўналетніх. Таксама былі запрошаны святары праваслаўнай і каталіцкай канфесій. Адкрываў бацькоўскі сход начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі.

 

 

– Сённяшняя сустрэча не з’яўляецца чымсьці надзвычайным, – адзначыў Павел Тарчынскі. – Раённыя бацькоўскія сходы сталі для нас нармальнай практыкай, мы праводзім іх два разы на год у разнастайных фарматах: па відэасувязі і ў асабістых сустрэчах. Спадзяваюся, што падчас сённяшняй сустрэчы ўдзельнікі зробяць пэўныя высновы, сутнасць якіх адна: галоўная мэта сям’і і школы – забяспечыць бяспеку дзяцей. Адказнае бацькоўства, як і адказнасць педагогаў за сваю справу, павінны з’яўляцца жыццёвымі прыярытэтамі для кожнага з нас.

 

Аб супрацьпажарнай бяспецы і правілах, якім бацькі павінны навучыць сваіх дзяцей, расказаў намеснік начальніка Шчучынскага РАНС Раман Шчур. У сваім выступе ён закрануў таксама актуальную з надыходам цяпла тэму бяспекі дзяцей на вадаёмах.

 

 

На пытаннях, звязаных са злачыннасцю сярод непаўналетніх, засяродзіла ўвагу спецыяліст інспекцыі па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў Шчучынскага райвыканкама Святлана Орпік, а ўрач псіхіятр Шчучынскай ЦРБ Юлія Медушэўская расказала бацькам аб частых памылках, якія дапускаюцца сёння пры выхаванні і негатыўна ўплываюць на псіхіку дзяцей.

 

 

Настаяцель прыхода храма Раства Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Ракавічы, іерэй Дзмітрый Галамбоўскі расказаў пра каштоўнасць сям’і і яе важнасць для гарманічнага развіцця асобы. У прыватнасці, святар звярнуў увагу на тое, што бацькі павінны сваім стаўленнем да старэйшага пакалення даваць дзецям прыклад адносінаў паміж дзецьмі і бацькамі ў сям’і.

 

 

Пра абарону законных інтарэсаў непаўналетніх прысутным расказала прадстаўнік Шчучынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталля Макей.

 

Падчас мерапрыемства ўсе прысутныя мелі магчымасць задаць спікерам пытанні, ў тым ліку пісьмова ў ананімнай форме.

 

Напрыканцы сходу Падзячныя лісты аддзела адукацыі былі ўручаны бацькам за добрасумленнае выкананне абавязкаў у выхаванні вучняў дзяржаўных устаноў адукацыі.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!