Ушанавалі пераможцаў. Намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Сушчэўскі ўручыў узнагароды выхаванцам ДШМ – удзельнікам конкурсу “Бізнес вачыма дзяцей”

 

Гэты дзень надоўга запомніцца юным мастакам – навучэнцам аддзялення выяўленчага мастацтва Шчучынскай ДШМ і іх сябрам. З пачэснай місіяй у дзіцячую школу мастацтваў завітаў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Сушчэўскі. Ён выказаў вялікую ўдзячнасць педагогам і іх выхаванцам за актыўны ўдзел у традыцыйным абласным конкурсе “Бізнес вачыма дзяцей”, уручыў узнагароды і падарункі.

 

Дырэктар школы Марына Налівайка расказала, што навучэнцы Шчучынскай ДШМ актыўна ўдзельнічаюць ва ўсемагчымых конкурсах і нязменна радуюць сваіх настаўнікаў поспехамі і дасягненнямі. Напрыклад, у абласным конкурсе “Бізнес вачыма дзяцей” іх выхаванцы ўжо трэці год запар у ліку лідараў.

 

 

Намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Сушчэўскі ўручыў Ганаровыя граматы і падарункі пераможцам. Першае месца як у раённым, так і абласным этапе конкурсу заняла Яна Іода.

 

 

– Я выбрала тэму “Так пачынаецца мой бізнес” і намалявала дзяўчыну, што адкрыла сваё атэлье ды ўласнымі рукамі стварае эксклюзіўныя аўтарскія ўбранні, дорыць людзям шчаслівыя моманты, – дзеліцца Яна. У нейкай ступені гэта і мая мара. Хацела б звязаць сваю будучыню з творчай прафесіяй дызайнера. А пакуль вучуся ў 10 класе гімназіі і з задавальненнем наведваю “художку”.

 

Натхняюць, накіроўваюць рабят і шчодра дзеляцца сваімі ведамі настаўніцы аддзялення выяўленчага мастацтва Святлана Бярозкіна і Карына Трусіла. Усяго на конкурс “Бізнес вачыма дзяцей” ДШМ накіравала каля дзясятка творчых работ.  За другое месца ў раённым этапе Ганаровую грамату атрымала  і Аліцыя Маркевіч. Увогуле Міхаіл Вітольдавіч уручыў сувеніры літаральна ўсім удзельнікам конкурсу і пажадаў рабятам у будучым быць яшчэ больш актыўнымі, бо ні адзін з аўтараў цікавых ідэй не застаецца не адзначаным журы.

 

 

– Прыемна, што раённая ўлада ўдзяляе ўвагу развіццю талентаў нашых дзяцей, заахвочвае самых ініцыятыўных. Гэта яшчэ адна матывацыя як для дзяцей, так і педагогаў, – падвяла вынікі Марына Налівайка.

 

Па-сапраўднаму ўпрыгожылі творчую сустрэчу сваёй імправізацыяй і ўнеслі ў яе нечаканую нотку юныя гітарысты – ансамбль “Юніоры”.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!