Уборачная кампанія называе новых герояў. Перадавікоў-тысячнікаў узнагародзілі ў ААТ “АграГЖС”

 

Самааддана, не шкадуючы сіл і часу працуюць хлебаробы на палях. З кожным днём жніво называе ўсё больш новых герояў на Шчучыншчыне. Нядаўна добрыя навіны прыйшлі з ААТ “АграГЖС”. У гаспадарцы вызначыліся першыя камбайнеры-тысячнікі, імі сталі родныя браты Васіль і Святаслаў Мікановічы, якія на розных машынах пераадолелі ганаровы рубеж у адзін дзень. Таксама добрыя вынікі паказвае Валерый Бельскі, ён стаў першым вадзіцелем у гаспадарцы, які перавёз дзве тысячы тон зерня новага ўраджаю. Павіншаваць сваіх падначаленых і ўручыць ім падарункі за дасягненні прыехаў дырэктар ААТ “АграГЖС” Дзяніс Чарнуха.

 

Першым падзяку і падарунак з рук кіраўніка атрымаў вадзіцель Валерый Бельскі. Для мужчыны гэта шосты сезон на адвозе зерня. Як прызнаецца Валерый, яму прыемна адчуваць падтрымку ад кіраўніцтва, гэта дапамагае працаваць.

 

 

– Сёлета, калі ўлічваць рапс, то я ўжо перавёз амаль 3 тысячы тон новага ўраджаю. Але пабіць рэкорд мінулага года ў 5 тысяч тон ужо наўрад ці атрымаецца. Але нічога, бягучыя вынікі таксама добрыя і мяне цалкам задавальняюць. Мой МАЗ 551605 стаў мне як родны. Машына добрая, магчыма, не самая камфартабельная, але простая і надзейная. Лёгка рамантуецца і рэдка падводзіць, – кажа Валерый.

 

Наступнымі ўзнагароды атрымалі браты Мікановічы. Мала таго, што Васіль і Святаслаў дасягнулі тысячнай планкі, дык яшчэ і зрабілі гэта ў адзін дзень. Сапраўды ўнікальнае дасягненне. Сакрэт поспеху сваякоў просты, яны не спаборнічаюць, а дапамагаюць адзін аднаму.

 

 

Старэйшы брат Васіль працуе ў гаспадарцы больш за трыццаць гадоў, з якіх дваццаць чатыры – на камбайне. Вядома, што за такі вялікі перыяд часу Васіль Мікановіч атрымаў мноства ведаў і досведу. Менавіта яму даверылі кіраваць новым камбайнам ад “Гомсельмаша” КЗС 2124. Старэйшы брат актыўна дзеліцца напрацаваным досведам з малодшым, дае карысныя парады.

 

 

– Вучыўся працаваць менавіта ў старэйшага брата, – адзначае Святаслаў Мікановіч. – І ў выніку маем такое незвычайнае дасягненне, у адзін дзень з Васілём намалацілі па тысячы тон. Думаю, што гэта добры знак і ў наступных сезонах нам таксама будзе шанцаваць.

 

 

Разам з перадавікамі жніва на полі працуе 70-гадовы механізатар Уладзімір Адамчык. Нягледзячы на ўзрост, Уладзімір Бернардзінавіч вырашыў дапамагчы роднаму прадпрыемству і зрабіць важны ўнёсак у агульны каравай гаспадаркі. На трактары ён перавозіць рэзервуар з вадой і такім чынам ахоўвае ад пажараў тэхніку сваіх калег. Гэтыя меры бяспекі асабліва важныя, ўлічваючы трыццаціградусную спёку, якая трымаецца ў нашым раёне.

 

 

– У нас шмат добрых і самаадданых работнікаў, – дзеліцца  дырэктар ААТ “АграГЖС” Дзяніс Чарнуха. – Працуюць з ранку да ночы, некаторыя а палове сёмай ужо на нагах і абслугоўваюць камбайны, каб максімальна эфектыўна выкарыстаць спрыяльнае надвор’е. Уборка ў нашай гаспадарцы ідзе ў штатным рэжыме. На палях працуюць 10 камбайнаў. Калі тэхніка ламаецца, то стараемся аператыўна яе рамантаваць. Забяспечваем механізатараў запчасткамі, стараемся стварыць камфортныя ўмовы працы і стымулюем самых старанных. Ураджай сёлета ніжэйшы, чым быў летась, прыкладна на 10%. На маю думку, гэта невялікае памяншэнне, з улікам таго, што ў нас засталося зерне з ураджаю 2022 года. Таму галіну жывёлагадоўлі мы забяспечым і дзяржзаказ выканаем.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!