У В. Сяле зноў пачаў працаваць магазін

 

У апошні час рэдка можна пачуць, што ў якой-небудзь вёсачцы адчыняецца гандлёвая кропка. Хутчэй наадварот: магазін з-за нерэнтабельнасці перастае працаваць, а замест яго ў населены пункт  прыязджае аўталаўка.

 

А вось у вёсцы Вялікае Сяло Жалудоцкага сельсавета здарылася свая гісторыя. Магазін тут працаваў многа год. Вяскоўцам гэта было вельмі зручна. Толькі месяцы два таму прадавец вырашыла змяніць месца работы, і гандлёвая кропка засталася без работніка прылаўка. Вядома, паколькі працаваць тут не было каму – прадаўца ў сельскай мясцовасці знайсці не так проста -- магазін прыйшлося зачыніць.

 

 

Толькі вяскоўцаў такое рашэнне не задаволіла, і яны вырашылі дзейнічаць. Стараста вёсак Вялікае і Малое Сяло Казімір Уладзіміравіч Бурдзей разам з вясковымі жанчынамі звярнуўся да старшыні Шчучынскага райвыканкама Аляксея Садоўскага, які праводзіў прыём у Жалудку, з просьбай аднавіць работу гандлёвай кропкі. І аргумент прыгатавалі важкі: у магазін знайшоўся прадавец.  Пасля абмеркавання гэтага пытання з дырэктарам Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Ванушам Навасардзянам Аляксей Валянцінавіч вяскоўцаў падтрымаў. У выніку некалькі тыдняў таму магазін зноў пачаў працаваць.

 

-- Я не магла адмовіць людзям, -- гаворыць прадавец Святлана Календа. – У гэтым магазіне я адпрацавала дваццаць год, потым было пяць год перапынку. Цяпер вось зноў вярнулася. Магазін у вёсцы – гэта свайго роду культурны цэнтр, дзе збіраюцца людзі. Дый прадукты прасцей набыць, калі магазін працуе пастаянна.
Вось і ў дзень нашага прыезду ў магазіне было шмат народу: жанчыны прыйшлі па свежы хлеб, які завозяць сюды тры разы на тыдзень, а таксама за іншымі прадуктамі. Трэба сказаць, што асартымент там даволі разнастайны. Купіць можна і каўбасныя вырабы, і макарону, і слодычы, хлеба-булачныя вырабы і многае іншае, а таксама тавары паўсядзённага попыту.

 

-- Калі пакупнікі штосьці не знойдуць на прылаўку, я магу зрабіць заказ, і тавар абавязкова будзе дастаўлены, -- гаворыць Святлана. – Пад заказ можна набыць нават бытавую тэхніку і купіць яе ў крэдыт.
Магазін у В. Сяле, дзе жывуць больш за паўсотні чалавек, працуе цяпер кожны дзень з 10 да 18 гадзін без перапынку на абед, акрамя нядзелі і аўторка. Трэба сказаць, там даволі ўтульна і зручна для пакупніка.

 

 

-- У гэту гандлёвую кропку прыходзяць і жыхары суседніх вёсак Купры, Кукіні, Дубялі, Саваўшчына, Малое Сяло і іншых, -- гаворыць Святлана. – Дзеці часта прыбягаюць па марожанае, нават нягледзячы на тое, што пераадольваць ім прыходзіцца па некалькі кіламетраў. Часам на возера прыязджаюць рыбакі. Яны таксама заходзяць па пакупкі.

 

-- Мы вельмі ўдзячны ўладзе за разуменне, -- гавораць мясцовыя жыхаркі Тарэса Уладзіславаўна Смяцюх, Яніна Уладзіміраўна Русюкевіч, Леакадзія Іванаўна Амброс і іншыя. – Аўталаўка прыязджала да нас два разы на тыдзень. А купляць там нешта не вельмі зручна. Сталым людзям і кошт тавараў дрэнна бачны, дый і сам тавар толкам не разгледзець.

 

А прадавец вельмі ўдзячна тавараведам Шчучынскага філіяла, якія  аператыўна дапамаглі зрабіць выкладку тавару, каб магазін як мага хутчэй адчыніў для пакупнікоў свае дзверы.

 

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!