У Старым замку ў Гродне адкрыюць залы з 3D-мэпінгам, а экспазіцыю «амаладзяць»

За час будаўнічых работ музейная скарбонка папоўнілася, а супрацоўнікі музея створаць новыя экспазіцыі.

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыі Старога замка. У сувязі з гэтым гісторыка-археалагічны музей перамешчаны ў Новы замак і будзе вернуты ў палац часткова, распавядае карэспандэнт "Звязды".

Справа ў тым, што за час будаўнічых работ музейная скарбонка вельмі папоўнілася, а супрацоўнікі музея павінны будуць стварыць новыя экспазіцыі з сучаснымі рашэннямі.

— Асноўны акцэнт будзе на аўтэнтычныя прадметы, археалагічныя знаходкі, якія захаваліся ў фондах музея, напрыклад, адзенне, ўзбраенне эпохі ХVI-ХVII стагоддзяў, сцягі, друкаваны станок, — распавядае Андрэй Вашкевіч, загадчык аддзелам найноўшай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. — Дастаткова шмат будзе сучасных камп’ютарных рэчаў, інтэрактыўных, пра што мы не асабліва хочам распавядаць, каб гэта было навіной для людзей, якія прыйдуць у музей.

Пад экспазіцыйную частку адвядуць шэсць залаў. Яны раскажуць пра гісторыю Гродна, пачынаючы з моманту з’яўлення горада і заканчваючы расповедам пра Стэфана Баторыя. Супрацоўнікі музея запэўніваюць, што хоць экскурсія і будзе па стагоддзях, але з выкарыстаннем апошніх музейных навацый.

img_3816_0_0.jpg

— Экспазіцыю «амаладзяць» з дапамогай інтэрактыўных элементаў, — раскрывае некаторыя таямніцы Алеся Саўчук, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. — У некаторых залах будзе выкарыстаны 3D-мэпінг, дзесьці размесцяцца электронныя даведачныя вітрыны.

Спецыялісты ўпэўнены, што лічбавы фармат дапаможа разгледзець Стары замак больш дэталёва.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!