У Шчучынскім раёне да ўдзелу ў дабрачыннай акцыі для пажылых людзей “Ад усёй душы” далучыліся актывісты БРСМ, БРПА, а таксама члены моладзевага парламента

 

Падарыць святочны настрой, прадэманстраваць найлепшыя чалавечыя якасці і праявіць клопат аб пажылых людзях – усё гэта мэты новай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі для пажылых людзей “Ад усёй душы”.

 

У рамках акцыі з 3 па 14 студзеня па ўсёй краіне валанцёры віншуюць са святамі старэйшае пакаленне ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, бальніцах сястрынскага догляду, а таксама падчас наведвання па месцах пражывання. Варта адзначыць, што ўдзел у акцыі прымаюць не толькі дзеці і моладзь, але і кіраўнікі мясцовых органаў улады, дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, дэпутаты.

 

 

У Шчучынскім раёне да ўдзелу ў віншавальных мерапрыемствах энергічна далучыліся актывісты БРСМ, БРПА, а таксама члены моладзевага парламента. Пра поспехі акцыі “Ад усёй душы” нам расказала першы сакратар Шчучынскага раённага камітэта БРСМ Віталія Селівончык:

 

– Ужо тыдзень вучні школ раёна, а таксама каледжа наведваюць адзінока пражываючых пенсіянераў і дораць ім віншавальныя паштоўкі, салодкія падарункі, а пры неабходнасці аказваюць дапамогу. У нашым раёне валанцёры ўжо наведалі 35 адрасаў. Актыўны ўдзел у акцыі бяруць члены Моладзевага парламента Шчучынскага раёна, якія складаюць актыў БРСМ.

 

Шчырыя ўсмешкі на тварах старэйшага пакалення – бадай што самая галоўная ўзнагарода для ўдзельнікаў акцыі. Пажылыя людзі ветліва сустракаюць сваіх наведвальнікаў, часта расказваюць аб сваім жыцці і даюць неацэнныя жыццёвыя парады моладзі, а таксама запрашаюць да сябе ў госці яшчэ.

 

 

Сваім бачаннем мэтаў акцыі “Ад усёй душы” з намі падзяліўся яе актыўны ўдзельнік Арцём Даўгоўскі, член Моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні моладзевага парламента пры Шчучынскім раённым Савеце дэпутатаў:

 

– Лічу, што правядзенне такіх акцый мае вялікае значэнне, бо гэта дазваляе згуртаваць моладзь і старэйшых людзей, менавіта так і забяспечваецца пераемнасць пакаленняў. Мы стараемся падарыць цеплыню і радасць пажылым людзям. Вельмі важна клапаціцца і турбавацца аб іх, каб паказаць, што яны не адзінокія.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!