У Шчучынскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прайшоў канцэрт з нагоды Дня абароны дзяцей

 

Першы дзень лета – гэта радасць і свята для дзяцей. Вельмі важна падарыць гэта свята кожнаму без выключэння. Традыцыйна ў Дзень абароны дзяцей адбыўся канцэрт у Шчучынскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Святочная праграма парадавала дзетак з абмежаванымі магчымасцямі, падарыла ім безліч добрых эмоцый і шчырых усмешак.

 

 

Цёплымі словамі прывітала гасцей мерапрыемства намеснік начальніка аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Жанна Мецько.

 

Шмат вакальных нумароў падрыхтавалі выхаванцы Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Цудоўныя спевы дзяўчынак з узорнай студыі “Апрель” напаўнялі радасцю актавую залу. З Зайчыкам дзеткі вучылі новыя для сябе рухі, танчылі і адгадвалі загадкі. Самым маленькім спадабаліся конкурсы на кемлівасць. Уся святочная праграма была арганізавана з метадычным ухілам, які ўлічваў асаблівасці і здольнасці гледачоў.

 

 

 

У арганізацыі дзіцячага свята актыўны ўдзел узялі вучні педагагічных класаў. Яны арганізоўвалі конкурсы і актыўныя гульні. Як адзначае Жанна Мецько, дзякуючы такой валанцёрскай дзейнасці будучыя настаўнікі маюць магчымасць атрымаць бясцэнны досвед.

 

– Для іх гэта, можна сказаць, прафесійныя пробы, – кажа Жанна Іванаўна. – Яны прыходзяць да дзяцей-інвалідаў, каб дапамагчы ім і паспрабаваць менавіта такую педагагічную дзейнасць. Напрыклад, будучы педагог-дэфектолаг павінен ведаць, ці зможа ён працаваць з такімі дзеткамі. Гэты эксперымент працягваецца ўжо дастатковы час, таму вучняў педагагічных класаў тут добра прымаюць, а яны ў сваю чаргу ведаюць, як правільна з гэтымі дзеткамі ўзаемадзейнічаць. Таксама сёння разам са старэйшымі школьнікамі прыйшлі пяцікласнікі, яны пранікнёна адносяцца да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Такія стасункі дапамагаюць развіваць унутры сябе дабрыню, разуменне сэнсу жыцця. Многія валанцёры пасля такіх мерапрыемстваў кажуць, што на ўсё жыццё запомнілі ўсмешку хворай дзяўчынкі ці хлопчыка.

 

Напрыканцы мерапрыемства выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі атрымалі салодкія падарункі. Дзеці былі радыя гасцям і дзякавалі за канцэрт.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!