У Шчучыне ў Дзень народнага адзінства ўпершыню прайшло свята буквара

 

Сёння, у Дзень народнага адзінства, у нашым горадзе нарадзілася новая традыцыя: у вялікую школьную сям'ю Шчучыншчыны былі ўрачыста прыняты першакласнікі!

 

На цэнтральнай плошчы горада – 331 вучань з 16 устаноў адукацыі раёна. Першакласнікі сабраліся, каб атрымаць сваю першую і самую галоўную кнігу – буквар.

 

Раздзяліць з рабятамі гэту важную падзею прыйшлі шматлікія госці, сярод якіх Ганна Хвядзюк – старшыня Шчучынскага раённага Савета депутатаў, Андрэй Шкіндзераў і Алена Пасюта – намеснікі старшыні Шчучынскага райвыканкама, Павел Міхалюк – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Валянціна Ложэчнік – памочнік дэпутата, Вінцэнты Казяк і Эдмунд Дзікевіч  – Ганаровыя грамадзяне горада, святары каталіцкай і праваслаўнай царквы і многія іншыя. Парадавацца за сваіх дзетак і палюбавацца на іх сабраліся настаўнікі, бацькі, бабулі і дзядулі.

 

 

З самымі шчырымі віншаваннямі звярнулася да віноўнікаў урачыстасці намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Алена Пасюта:

 

– Дарагія дзеці, сёння вы атрымаеце сваю першую кнігу – буквар. Менавіта па гэтай кнізе вучыліся грамаце ўсе мы, кожны, хто ўмее чытаць. Запомніце гэты дзень – Дзень народнага адзінства, які ўпершыню адзначаецца ў нашай краіне. У вашым жыцці ён будзе асаблівым. Разам з букварамі вам будуць уручаны дзённікі вашых асабістых дасягненняў. Жадаем вам добра вучыцца, займацца спортам і выдатна адпачываць.

 

На свята да першакласнікаў завітаў таксама сам Буквар. Рабяты даведаліся, што  самай важнай спадарожніцай для іх цяпер павінна стаць азбука. Менавіта з яе пачынаецца шлях у краіну ведаў.

 

І вось надыходзіць хвалюючы момант: буквары і дзённікі ўласных дасягненняў першакласнікам уручаюць госці свята.

 

 

Павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак з такой знамянальнай падзеяй у жыцці Эдмунд Дзікевіч – выдатнік асветы СССР, заслужаны работнік народнай адукацыі БССР, Ганаровы грамадзянін горада Шчучына:

 

– Я хачу павіншаваць вас, дарагія дзеці, ад імя вашых бабуль і дзядуляў з такім памятным днём. Ваш буквар – гэта залаты ключык у свет ведаў. Там будзе няпроста, але вы ўсё пераадолееце, таму што побач з вамі будуць вашы любімыя настаўнікі і бацькі. Жадаю вам займацца толькі на "дзесяць", здароўя вам і поспехаў. Здароўя і цярпення вашым настаўнікам і бацькам.

 

Сёння свае самыя важныя ў жыцці кнігі разам з беларускімі дзеткамі атрымалі і два кубінскія хлопчыкі, сем'і якіх пераехалі ў Шчучын. Луіс Эдуардо Сэнці Лосада і Маркас Энрыке Дельгадо Бенітэс вучацца ў 1 "Г" класе СШ №2 г. Шчучына. Аднакласнікі цёпла і душэўна прынялі іх у сваю вялікую сям'ю.

 

– Сёння самыя маленькія школьнікі Шчучыншчыны разам з букварамі атрымалі дзённікі сваіх асабістых дасягненняў, – гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанна Мецько. – У гэтых дзённіках змешчаны фотаздымкі кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка і кіраўнікоў нашага раёна – старшыні Шчучынскага райвыканкама Аляксея Садоўскага і старшыні Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганны Хвядзюк. У гэтых дзённіках рабяты змогуць занатоўваць свае самыя яркія поспехі. Аналагаў такіх дзённікаў няма нідзе. Толькі першакласнікі нашай роднай Шчучыншчыны будуць мець такі ўнікальны падарунак.

 

Цяпер галоўная задача ў самых малодшых вучняў –  набірацца вопыту і ведаў, вучыцца сваёй працай і талентам прыносіць максімальную карысць сваёй краіне, імкнуцца быць патрэбным малой радзіме, ганарыцца ёю і памятаць, што яе лёс шмат у чым залежыць ад іх. І ніколі не забываць, што толькі ўсе разам беларусы – вялікая сіла.

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара і Сяргея КАСПЕРЧУКА.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!