У Шчучыне працягваецца добра­ўпарадкаванне вуліцы Авіятараў

У Шчучыне працягваецца добра­ўпарадкаванне вуліцы Авіятараў, для якой характэрны даволі ажыўлены аўтамабільны і пешаходны рух. Пасля таго, як рабочыя ДРБУ-161 “закаталі” тут новае дарожнае пакрыццё, камунальнікі прыступілі да ўстаноўкі бардзюраў і пракладкі тратуарных дарожак.
– Мы прыгналі на гэты ўчастак дарогі экскаватар і “Амкадор”, а МАЗы аператыўна падвозяць сюды гравій, пясок і цэментна-пясчаную сумесь, – гаворыць майстар комплекснай рамонтна-будаўнічай брыгады РУП ЖКГ Андрэй Гендрыкавіч Заруба. – Чацвёра нашых спецыялістаў у дзень устанаўліваюць тут больш за 40 бардзюраў, укладваюць прыкладна 60 метраў квадратных тратуарнай пліткі. На сённяшні дзень даўжыня тратуарнай дарожкі па вуліцы Авіятараў складае больш за 180 метраў. На добраўпарадкаванне гэтага ўчастка дарогі ўжо затрацілі 25 тысяч рублёў з запланаваных сёлета 70 тысяч рублёў. 
Параўняўшыся з будаўнічым магазінам “Майстар”, камунальнікі плануюць спыніць тут усе рамонтныя работы, каб з новымі сіламі прадоўжыць іх у наступным годзе. Згодна з распрацаванай праектна-каштарыснай дакументацыяй на добраўпарадкаванне вуліцы Авіятараў у райцэнтры будзе выдаткавана 223 тысячы рублёў. На гэтыя сродкі работнікі РУП ЖКГ пракладуць новую тратуарную дарожку даўжынёй прыкладна 750 метраў, якая працягнецца ад магазінаў “Еўраопт” і “Крышталь” да кацельнай, што забяспечвае былы ваенны гарадок цяплом. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.