У Шчучыне пасля рэканструкцыі адкрыўся былы магазін №15, што на вуліцы Заводскай

Цяпер тут усё па-новаму: і назва “Родны кут”, і зала, і калектыў. Днямі магазін прыняў сваіх першых пакупнікоў.

На адкрыццё гандлёвага аб’екта завітала нямала  жыхароў вуліцы Заводскай. Ва ўрачыстай абстаноўцы чырвоную стужку перарэзалі начальнік упраўлення эканомікі райвыканкама Ю.М. Вількевіч і дырэктар Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства В.Р. Навасардзян.

Каля 100 тысяч рублёў спатрэбілася на тое, каб магазін набыў такі выгляд. Рамонтныя работы доўжыліся амаль 2 месяцы. Іх добрасумленна выконвалі будаўнікі МПМК-166.  

          Адноўлены магазін  па-сапраўднаму здзівіў пакупнікоў. А як інакш, калі тут створаны ўсе належныя ўмовы: заменена халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне, пашыраны асартымент тавараў. На гандлёвых паліцах “Роднага кута” прапісаліся ахалоджаныя мясныя паўфабрыкаты, малочная і мясная прадукцыя, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, агародніна і садавіна і многае іншае. Пакупнікоў чакаюць святочныя зніжкі, разнастайныя акцыі і распродаж. Калектыў магазіна невялікі – усяго шэсць спецыялістаў. Загадчык – Юлія Юрьеўна Акуліч.

Варта адзначыць, што відавочнымі зменамі пакупнікі засталіся задаволеныя. Даспадобы “Родны кут” прыйшоўся і шматдзетнай маці Ірыне Валошык.

 -- Я жыву ў гэтым мікрараёне. З маленькай дачушкай цяжка хадзіць у аддаленыя магазіны, таму  вельмі чакала адкрыцця сваёй гандлёвай кропкі. Магазін вельмі змяніўся. Радуе светлая, прасторная зала і шырокі асартымент тавару.

Мэта, якую ставіў Шчучынскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, -- падарыць пакупнікам сучасны, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі гандлёвы аб'ект, які  прапануе шырокі асартымент прадукцыі, дасягнута.

  -- Адкрыццё магазіна "Родны кут" -- сведчанне планамернай работы спажыўкааперацыі па рэбрэндынгу і ўдасканаленні працы сваёй гандлёвай сеткі, -- адзначыў дырэктар Шчучынскага філіяла аблспажыўтаварыства В.Р. Навасардзян. -- Рознаіменныя крамы адна за другой атрымліваюць агульную назву і абнаўляюцца як знешне, так і ўнутры. Гэта дазваляе вытрымліваць канкурэнцыю з боку камерцыйных сеткавых гандлёвых прадпрыемстваў, мадэрнізаваць сетку, зрабіць яе больш вядомай і зручнай, і такім чынам, больш канкурэнтаздольнай. Добрыя змены ўжо адбыліся ў 7 магазінах раёна. У планах -- да чэрвеня 2019 года правесці мадэрнізацыю ўсіх вялікіх гандлёвых кропак Шчучыншчыны.

Ганна КАСПЕР. Фота аўтара.