Упершыню ў нашым раёне стартуе сумесны праект аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама і завода “Праймілк”

У рамках праекта вучні трох гарадскіх школ і гімназіі на некаторы час адчуюць сябе сапраўднымі супрацоўнікамі гэтага суперсучаснага прадпрыемства, каб больш глыбока пазнаёміцца з наладжанай вытворчасцю, пранікнуцца своеасаблівым заводскім духам, паспрабаваць сябе ў розных спецыяльнасцях. З якой мэтай? Усё проста! Магчыма хтосьці пасля такіх заняткаў вырашыць атрымаць адпаведную спецыяльнасць і, вярнуўшыся на малую радзіму, назаўсёды звязаць свой лёс з “Праймілкам”.

На днях на заводзе адбыўся арганізацыйны сход, з удзелам кіраўнікоў падраздзяленняў прадпрыемства, якія пазнаёмілі рабят са сферай сваёй дзейнасці. 
Цёпла вітала гасцей намеснік дырэктара па якасці Наталля Аляксандраўна Куц. Яна расказала школьнікам, як будуць арганізаваны заняткі, і дзе яны будуць праходзіць. Кожнаму трэба вызначыцца з выбарам, каб вывучаць цікавы свет маркетынгу або разбірацца ў тонкасцях работы аддзела продажу, працаваць у хімічнай і мікрабіялагічнай лабараторыях ці знаёміцца з тэхнічнай службай пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера прадпрыемства. Ёсць яшчэ адзін варыянт – паспрабаваць сябе ў ролі тэхнолага. 

Пакуль плануецца, што для амаль шасцідзесяці вучняў, якія выказалі жаданне пазнаёміцца з вытворчасцю на заводзе, будзе арганізавана па тры заняткі. Калі ўзнікне неабходнасць – іх колькасць будзе павялічана. Мяркуецца, што дырэктар прадпрыемства Анатолій Станіслававіч Бяляўскі таксама сустрэнецца з рабятамі, каб падзяліцца з імі сваімі сакрэтамі рэалізацыі прадукцыі завода і арганізацыі работы аддзела продажу. 
Школьнікі з цікавасцю слухалі выступленні кіраўнікоў падраздзяленняў. У кагосьці інфармацыя адразу выклікала цікавасць, а хтосьці, напэўна, вызначыцца канчаткова, калі пабывае на вытворчасці. 
– Ведаеце, на што ў першую чаргу мы звяртаем увагу, калі праводзім субяседаванне з чарговым прэтэндэнтам на вакансію? – спытала ў рабят Наталля Аляксандраўна. – Наколькі ў яго блішчаць вочы і ёсць жаданне працаваць. Галоўнае – любіць сваю работу і сваё прадпрыемства, быць чалавекам творчым і пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых ідэй. І тады ўсё атрымаецца. 
Першыя заняткі пройдуць у бліжэйшы час. І, магчыма, іх удзельнікі праз некалькі год пераступяць парог завода ўжо не як вучні, а як паўнапраўныя супрацоўнікі прадпрыемства. 
– Такі праект мы задумалі не выпадкова, – гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанна Іванаўна Мецько. – Гэта выдатная магчымасць дапамагчы рабятам лепш разабрацца ў тонкасцях прафесій, якія яны часам выбіраюць, нават добра не ведаючы, чым будуць займацца. Пабываць самім на заводзе, паназіраць, як працуюць прафесіяналы, і … загарэцца гэтай справай! Менавіта гэтага нам і хацелася б дабіцца, пачынаючы новы праект.
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!