У “Раўбічах” прайшоў фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба

У рэспубліканскім цэнтры алім­пійскай падрыхтоўкі па зімніх відах спорту “Раўбічы” прайшоў фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. За чэмпіёнскі тытул змагаліся сем каманд, у тым ліку і зборная Гродзеншчыны, у склад якой увайшлі юныя спартсмены з Васілішак і Мажэйкава.

170 хлопчыкаў і дзяўчынак спаборнічалі ў трох узроставых катэгорыях. Сярод самых юных біятланістаў дастойна выступілі выхаванцы трэнера Васілішкаўскай сярэдняй школы Генрыха Мар’янавіча Рушніцкага Уладзіслаў Казлоў і Ксенія Дубінец, а таксама падапечны трэнера Мажэйкаўскай базавай школы Савелія Іосіфавіча Пачабута Іван Галавач. Нашы спартсмены ў складзе змешанай эстафетнай каманды хутка пераадолелі па 1,8 кіламетра снежнай трасы і занялі трэцяе агульнакаманднае месца.
У старэйшай катэгорыі вызначылася васілішкаўская біятланістка Дар’я Крупіца, якая ў складзе зборнай Гродзеншчыны таксама заваявала “бронзу”.
На цырымоніі ўзнагароджвання прысутнічалі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і чатырохкратная алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава, якія ўручылі прызёрам спаборніцтваў кубкі, медалі і каштоўныя падарункі.

* * *
У Лідзе завяршыліся абласныя спаборніцтвы па лыжных гонках сярод дзяцей 2004-2005 гадоў нараджэння ў праграме спартакіяды па месцы жыхарства, дзе таксама вызначыліся нашы спартсмены.
У спрынтарскай гонцы не было роўных Ксеніі Скараход з Васілішак. Другое месца заняла яе зямлячка Ксенія Дубінец.
Па выніках эстафетнай гонкі наша жаночая зборная заваявала “золата”, а мужчынская – “серабро”. Такім чынам, па суме набраных ачкоў каманда Шчучынскага раёна стала пераможцай і была ўзнагароджана кубкам, медалямі і каштоўнымі падарункамі. 
У поспехах нашых юных лыжнікаў вялікая заслуга іх трэнераў Г.М. Рушніцкага (Васілішкаўская СШ) і С.І. Пачабута (Мажэйкаўская БШ), якія ўмеюць настроіць рабят на перамогу і запаліць у іх спартыўны азарт.


– Мы з Генрыхам Мар’янавічам укладваем душу ў нашых выхаванцаў, таму і аддача ёсць! – гаворыць трэнер Мажэйкаўскай базавай школы Савелій Іосіфавіч Пачабут. – Мае былыя вучні Аляксандр Ювінальевіч Купрановіч і Дзмітрый Міхайлавіч Пашкель былі моцна ўражаныя перамогамі рабят і аказалі спонсарскую дапамогу ў набыцці лыжнага інвентару для нашай школы, дзе самі некалі вучыліся. Вялікі ім за гэта дзякуй!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.