У рамках святкавання Дня народнага адзінства ў Шчучыне прайшла аўтавыстава спецыялізаванай тэхнікі

 

У рамках святкавання Дня народнага адзінства па цэнтральных вуліцах Шчучына праехала спецыялізаваная тэхніка і выстраілася ля цэнтральнай гарадской плошчы.

 

 

Магутныя машыны на агляд прадставілі такія арганізацыі, як філіял “Жалудоцкі агракомплекс”, МПМК-167, Шчучынскі філіял Гродзенскага племпрадпрыемства, раённай бальніцы, Шчучынскага РАНС і раёна газазабеспячэння. Незвычайная аўтавыстава выклікала вялікі інтарэс у жыхароў і гасцей райцэнтра. Асабліва радаваліся дзеці, бо можна было не толькі зблізку разглядзець спецыялізаваную тэхніку, але і пасядзець унутры кабіны і пазнаёміцца з устройствам жалезных волатаў.

 

 

Асаблівую ўвагу дзятвы прыцягнуў высокаклірансны самаходны апырсквальнік, які прызначаны для ўнясення хімічных сродкаў абароны раслін і вадкіх мінеральных угнаенняў. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем залазілі ў кабіну і рабілі сэлфі на памяць. Юнакоў жа прывабілі энерганасычаныя зернеўборачныя камбайны, якіх у горадзе не ўбачыш.  

 

 

 

-- Я вельмі ўражаны ўбачаным, -- дзеліцца вучань 9 “А” класа СШ №2 г. Шчучына Мікіта Гардзіеўскі. – Не думаў, што сучасная сельгастэхніка настолькі “нашпігавана” электронікай і ўнутры нагадвае касмічны карабель. Я нават задумаўся, чаму б не падацца ў аграрыі? Асвоіць магутную тэхніку і працаваць у полі.

 

 

Не засталіся па-за ўвагай амбулаторыя на колах, “Газэль” газавікоў, пад’ёмны кран і экскаватар. Вадзіцелі, якія стаялі побач ля сваіх жалезных волатаў, з задавальненнем расказвалі аб іх прызначэнні і магчымасцях. Да прыкладу, пад’ёмны кран шчучынскіх будаўнікоў можа падняць груз вагой 25 тон, а даўжыня яго стралы складае 32,5 метра. Дзеці ўважліва слухалі і ўяўлялі, як калі-небудзь будуць кіраваць гэтымі машынамі.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 

   

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!