У “Рамантыку” і “Дружбе” дзеці адпачылі дружна!

У Галавічпольскім дз/с-СШ панавала ажыўленне: валанцёры дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Свет без межаў” арганізавалі мерапрыемства, якое сабрала разам школьнікаў – наведвальнікаў лагера з дзённым знаходжаннем “Рамантык” – і выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната. 

– Мы супрацоўнічаем з дзесяццю дамамі-інтэрнатамі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, – расказвае вядучы спецыяліст аб’яднання Таццяна Герасімава. – Сёння мы сустракаемся з рабятамі з Васілішкаўскага дома-інтэрната, які з’яўляецца нашым пастаянным партнёрам, удзельнікам усіх нашых праектаў. У рамках праекта “Крок насустрач”, які накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця дзяцей са шматлікімі і цяжкімі парушэннямі ў развіцці, на асенніх канікулах мы праводзім дабрачынную інтэграцыйную акцыю.
Выхаванцы Васілішкаўскага дома-інтэрната ўжо даўно не адчуваюць сябе гасцямі ў Галавічпольскай школе. Рабяты пастаянна ўдзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах, школьнікі-валанцёры і цімураўцы таксама часта наведваюць інтэрнат.
– Такое цеснае супрацоўніцтва ў нас доўжыцца ужо больш за 20 год, – гаворыць педагог-арганізатар школы Лілія Віктараўна Вінча. – Цяпер яно ажыццяўляецца ў рамках праекта “Агенцтва добрых сэрцаў”. Мы імкнёмся запаліць у сэрцах нашых дзяцей агонь дабрыні да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, і нам гэта ўдаецца.
…І рабяты пачатковых класаў, якія наведваюць лагер, і выхаванцы дома-інтэрната разам танцавалі, спявалі і весяліліся ў актавай зале школы. Іх літаральна пакарыў вясёлы клоўн з сімпатычнымі сабачкамі. 
– У лагеры для дзяцей праводзіцца многа разнастайных мерапрыемстваў, – расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Галавічпольскага дз/с-СШ Вольга Аляксандраўна Ісаева. – Гэта і спартыўныя, і экалагічныя, і забаўляльныя. 15 дзяцей, што адпачываюць тут, цікава і з карысцю бавяць час. 
Асенняя змена адкрылася мерапрыемствам “Прывітанне, лагер!” Рабяты з задавальненнем накіроўваліся на экскурсіі, прымалі ўдзел у рухомых гульнях “У мядзведзя ў бары”, “Гарэлкі”, “Філін і пташкі” і іншых, знаёміліся з прафесіямі сваіх бацькоў падчас наведвання МТК “Галавічполе”, пабывалі ў музеі Цёткі ў Астрынскай СШ… 
Збалансаванае харчаванне, дзённы сон, вітамінізацыя – у лагеры рабяты не толькі адпачывалі, але і ўмацоўвалі сваё здароўе. І бацькам было спакойна за сваіх дзяцей – іх сыночкі і дачушкі былі пад наглядам. Дарэчы, пасля заканчэння работы лагера працавалі дзяжурныя групы, каб мамы ці таты, вяртаючыся з работы, маглі самі забраць дзяцей. 


* * *
Заходзіш у фае Васілішкаўскай сярэдняй школы – і ў поле зроку адразу трапляе прыгожая восеньская выстава з вырабаў, створаных рабятамі, што адпачываюць у аздараўленчым лагеры “Дружба”. 
– Кожны дзень у нас праходзіць пад пэўнай назвай, – расказвае дырэктар лагера Марына Іванаўна Галавач. – Дзень казкі, Дзень творчасці, Дзень вандровак, Дзень здароўя… І кожны з іх напоўнены разнастайнымі сюрпрызамі. 
Святочная праграма “Маленькая краіна”, фестываль “Кірмаш талентаў”, конкурс акцёрскага майстэрства “Хвіліна славы”, гінэс-шоу “А вам слабо?”, спартландыі, конкурсы малюнкаў, экскурсіі – няма калі сумаваць 25-ці школьнікам з двух атрадаў “Васількі” і “Рамонкі”, якія адпачываюць у лагеры. Акрамя таго, у педагогаў наладжана цеснае супрацоўніцтва з мясцовай бібліятэкай, з пакоем па месцы жыхарства “Васілішкі” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі, дзе для школьнікаў таксама ладзяцца цікавыя мерапрыемствы. 
У рамках акцыі “Місія – жыць” у лагеры адбылося спартыўнае свята “Дружныя, моцныя, спрытныя”, а таксама прайшоў конкурс малюнкаў. 
– Дзеці з задавальненнем наведваюць лагер, – гаворыць Марына Іванаўна. – Ім падабаецца трохразовае харчаванне, арганізаваны распарадак дня. Жадаючых было многа, толькі мы вырашылі, што пад наглядам павінны быць меншыя рабяты – вучні пачатковых класаў, каб бацькі маглі спакойна працаваць і не хвалявацца за сваё дзіця. 
Увогуле, на асенніх канікулах ва ўстановах адукацыі нашага раёна працавала восем лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей: у СШ №1 і СШ №3 г. Шчучына, Галавічпольскім, Першамайскім, Ляшчанскім, Навадворскім дзіцячых садках –сярэдніх школах, у Астрынскай і Васілішкаўскай СШ. 
Ганна РУДСКАЯ.

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)