У падатковай службы – юбілей. Начальнік інспекцыі МПЗ па Шчучынскім раёне Н.А. Здановіч – аб рабоце і калегах

Сёлета 30-годдзе з дня утварэння адзначае падатковая служба Рэспублікі Беларусь – адзін з самых значных і ўплывовых органаў дзяржаўнага кіравання. Супрацоўнікі гэтай службы робяць важную і патрэбную справу – кантралююць захаванне падатковага заканадаўства, сочаць за напаўненнем агульнай бюджэтнай скарбонкі.
Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з начальнікам інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Шчучынскім раёне Наталляй Аляксандраўнай Здановіч і пагутарылі аб мінулым і сённяшнім дні службы-юбіляркі. І, безумоўна, аб людзях, якія стаялі ля вытокаў утварэння падатковага ведамства ў раёне, прымалі актыўны ўдзел у яго развіцці, многа год сумленна і самааддана працуюць у інтарэсах дзяржавы і яе грамадзян.

 

– Наталля Аляксандраўна, здаецца, Вы і самі з кагорты ветэранаў падатковых органаў?

 

– Так. Інспекцыя – маё першае і адзінае месца працы. За 23 гады прайшла шлях ад інспектара да кіраўніка. На маіх вачах адбываліся важныя арганізацыйныя пераўтварэнні, умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база. Хачу адзначыць, што ў апошнія 10 год у сваім развіцці мы рухаемся сямімільнымі крокамі.

 

Увесь гэты час ішло станаўленне калектыву, якім сёння можна ганарыцца. Цяпер у штаце 21 супрацоўнік, 19 з іх – інспектары і рэферэнты. Але найперш хачу прыгадаць людзей, якія менавіта тут, у Шчучыне, распачыналі “біяграфію” нашага ведамства. Гэта першы начальнік раённай падатковай інспекцыі Ф.Б. Кузьміч, супрацоўнікі Г.А. Пятровіч, Я.С. Сасноўская, Н.С. Кавальчык, В.С. Жукоўскі, З.І. Цішкова, Н.Д. Бабко і многія іншыя. З ветэранскай кагорты і дзеючыя супрацоўнікі І.І. Рацкевіч, І.В. Галяева, Л.В. Тарасевіч. Захоўвае вернасць прафесіі і мой кампетэнтны намеснік Г.Б. Шакалей, якая працуе ў падатковым органе ўжо 25 год!

 

– Як сёння вырашаецца галоўная задача па фарміраванні даходнай часткі бюджэту?

 

– У бюджэце раёна падаткі складаюць больш за 80 працэнтаў. Таму мы вельмі ганарымся, што маем прамое дачыненне да забеспячэння эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ў рэгіёне. За першае паўгоддзе бягучага года ў бюджэт паступіла больш за 9 мільёнаў рублёў падаткаў і плацяжоў, што забяспечыла выкананне плана даходаў бюджэту. У гэтым ёсць і заслуга работнікаў упраўлення ўліку І.К. Біндзюк, А.Ч. Калегавай, І.І. Рацкевіч, М.А. Кунцэвіч, а таксама супрацоўнікаў упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб. Агульны кашалёк папаўняюць больш за 500 арганізацый, каля 20 тысяч фізічных асоб (у асноўным гэта плацельшчыкі маёмасных падаткаў) і больш за 600 індывідуальных прадпрымальнікаў. Да 80 працэнтаў паступленняў у бюджэт фарміруецца за кошт дзяржаўных арганізацый. Значны ўклад уносяць РУП ЖКГ, завод “Аўтапровад”, Шчучынскі філіял “Молочного Мира”, “ЛОГАЛ-БИО”, МПМК-167 і іншыя.

 

Многа ўвагі ўдзяляем і кантрольнай рабоце. У прыярытэце – камеральны кантроль. Плацельшчыку даецца магчымасць удакладніць сваю падатковую базу, самастойна выправіць памылкі без штрафных санкцый. За паўгода па выніках камеральных праверак плацельшчыкам накіравана 85 паведамленняў, даплаты склалі каля 340 тысяч рублёў. Гэтую работу прафесійна выконваюць С.Г. Бараноўская і І.В. Галяева.
Па-іншаму цяпер праводзяцца планавыя праверкі: у поле зроку падатковых інспектараў трапляюць плацельшчыкі з групы высокай рызыкі і з падазрэннем на парушэнне падатковага заканадаўства. Растлумачальную работу сярод плацельшчыкаў актыўна праводзяць В.І. Матусевіч і А.І. Комар.

 

 

– Якое месца ў падатковай сістэме займаюць новыя інфармацыйныя тэхналогіі?

 

– Сёння ў электронным фармаце з намі ўзаемадзейнічаюць 90 працэнтаў плацельшчыкаў. Добра зарэкамендавала сябе сістэма электроннага дэкларавання і такі функцыянал як “Асабісты кабінет”. У фармаце онлайн можна падаць заяву, атрымаць даведку, запоўніць розныя дакументы... Прычым такой зручнай магчымасцю карыстаюцца і суб’екты гаспадарання, і фізічныя асобы. Электронныя сэрвісы – неад’емная частка работы, накіраванай на паляпшэнне адміністравання, стварэнне плацельшчыкам спрыяльных умоў для ўплаты падаткаў.

 

– Набліжэнне свята адчуваецца і па доўгім узнагародным лісце…

 

– Сапраўды. За добрасумленную плённую працу адзначаны многія калегі. Так, Падзякі міністра па падатках і зборах Беларусі ўдастоена галоўны падатковы інспектар М.А. Кунцэвіч, Ганаровай граматы інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці – Л.І. Орсік, якая займаецца адміністраваннем маёмасных падаткаў фізічных асоб. Падзякай начальніка абласной інспекцыі адзначана Н.Ю. Кучура, яна вядзе пытанні дэкларыравання даходаў і маёмасці. На абласную Дошку гонару занесена начальнік упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Т.С. Вінча. Дарэчы, сёлета мы арганізавалі і сваю Дошку гонару. Заслужана на ёй імёны галоўнага бухгалтара М.Б. Бадзяк, рэферэнта І.І. Рацкевіч і вадзіцеля С.Т. Шышко, які працуе з дня утварэння падатковай службы раёна. Увогуле ў нашым калектыве вельмі вопытныя, адукаваныя, адказныя і прыстойныя спецыялісты, такія як А.Г. Внукевіч і І.С. Ціцяк. І, безумоўна, гэта заслуга ўсяго калектыву, што па выніках 2019 года інспекцыя заняла першае месца ў вобласці ў сваёй падгрупе.

 

– Наталля Аляксандраўна, што хацелі б пажадаць калегам напярэдадні прафесійнага свята?

 

– Хачу падзякаваць былым і цяперашнім супрацоўнікам за самаадданую і патрэбную працу, пажадаць моцнага здароўя і асабістага шчасця, а таксама быць карыснымі дзяржаве і людзям.

 

Гутарыла Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!