У падарунак – вандроўка па жалудоцкім рэгіёне

Сабраць разам сваіх былых супрацоўнікаў, што знаходзяцца зараз на заслужаным адпачынку, каб падарыць ім незабыўныя ўражанні, расказаць аб добрых пераўтварэннях і новых тэндэнцыях развіцця рэгіёна – такая традыцыя даўно прапісалася ў працоўным калектыве райвыканкама. Вось і на гэтым тыдні маладыя калегі цёпла віталі сваіх настаўнікаў, у якіх у свой час вучыліся добрасумленнасці і прафесіяналізму.

Шчырыя словы ўдзячнасці ў адрас ветэранаў працы выказала кіраўнік спраў райвыканкама А.В. Давыдава. Яна расказала аб цікавай ініцыятыве – гатоўнасці супрацоўнічаць са шчучынскай інтэлігенцыяй старэйшага пакалення такога грамадскага фарміравання, як Севастопальскі Марскі сход. Гэту ідэю выказаў наш зямляк, а цяпер севастопалец і старшыня Марскога сходу У.П. Кот, калі прымаў удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 500-годдзю Шчучына. Пад знакам юбілея горада Алена Вайцехаўна ўручыла і сувенірны медаль аднаму з былых кіраўнікоў раёна – Аляксандру Пятровічу Васько.
А потым дэлегацыя адправілася ў вандроўку ў Жалудок. Цёпла сустракалі гасцей старшыня сельвыканкама Г.І. Цывінскі і дырэктар “Жалудоцкага агракомплексу” С.Ю. Гузень, які расказаў аб эканамічных дасягненнях гаспадаркі, што вызначаецца дынамічным ростам жывёлагадоўлі і высокай культурай земляробства.


– За апошнія пяць гадоў – з таго часу, як да Жалудоцкага свінакомплексу быў далучаны мясцовы СВК – мы ўдвая павялічылі надой на карову і сёлета плануем давесці гэты паказчык да 7 тысяч літраў малака, – канстатуе кіраўнік гаспадаркі. – За гэты сезон намалочана 9 тысяч 300 тон зерня, што на 200 тон больш, чым за папярэдні год. Прычым уборка зерня кукурузы яшчэ ў самым разгары. Так што жалудоцкі каравай-2017 павінен быць па-сапраўднаму важкім.
Станіслаў Юльянавіч ганарыцца тым, што ў “Жалудоцкім агракомплексе” ствараюцца дастойныя ўмовы для працы, эфектыўна дзейнічае сацыяльны пакет, што распаўсюджваецца ў тым ліку і на пенсіянераў. А яшчэ сур’ёзныя выдаткі гаспадарка выдзяляе на добраўпарадкаванне зямель, знос старых і адслужыўшых сваё збудаванняў, уводзіць у севазварот тыя плошчы, што раней былі ў непрывабным стане з-за хмызнякоў, рэшткаў колішняй вытворчай дзейнасці і няўдобіц.


Зрэшты, удзельнікам сустрэчы многае ўдалося ўбачыць на свае вочы. Так, наведаўшы МТФ “Ваўкавічы”, усе былі ўражаны гэтай сапраўднай фабрыкай малака, а яшчэ – добраўпарадкаваннем тэрыторыі, дзе ёсць месца і кветнікам, і арыгінальным архітэктурным формам. Дарэчы, капітальны рамонт або рэканструкцыя праведзена на кожнай з фермаў гэтай гаспадаркі.
Цікавы абмен думкамі адбыўся ў канферэнц-зале Жалудоцкага сельвыканкама. Старшыня сельскага Савета дэпутатаў Г.І. Цывінскі, дырэктар Жалудоцкай СШ імя В. Урублеўскага У.А. Васількевіч, каардынатар рэсурснага цэнтра эканамічнага развіцця (і такі дзейнічае на жалудоцкай зямлі!) Т.У. Трукшына цікава расказалі пра гісторыю, традыцыі, высокі ўзровень самакіраўніцтва і рэальную актывізацыю сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторыі сельсавета. Уявіце сабе, тут за апошні дзясятак гадоў мясцовыя актывісты з дапамогай міжнародных арганізацый здолелі рэалізаваць каля 20 міжнародных праектаў, прыцягнуць у рэгіён сур’ёзныя гранты, уклаўшы іх у развіццё, экалагічныя патрэбы, энергазберажэнне, цікавыя мерапрыемствы для людзей сталага веку і г.д. 
Прыемныя знаёмствы з цікавымі людзьмі і дасягненнямі арганізацый і ўстаноў працягваліся, калі члены дэлегацыі пабывалі ў Жалудоцкай бібліятэцы і мясцовым лясніцтве. А колькі эмоцый выклікала архітэктура палаца князёў Чацвярцінскіх, сустрэча з ксяндзом Янам, што распавёў пра лёсы тутэйшых святароў і, безумоўна, гісторыю аднаго з найпрыгажэйшых храмаў Шчучыншчыны.
– Жалудок уражвае як сваім мінулым, так і днём сённяшнім. Тут берагуць свае карані і ўпэўнена ўпісваюць радок у стваральную яву сучаснасці. Вялікі дзякуй арганізатарам гэтай крэатыўнай сустрэчы за гэта падарожжа, – не хавала пачуццяў Алена Антонаўна Налівайка. Удзячныя словы гучалі літаральна ад кожнага з ветэранаў.


Былыя калегі з задавальненнем абмяркоўвалі ўбачанае, жыва абменьваліся думкамі, дзяліліся планамі. Хтосьці культывіруе здаровы лад жыцця і “падсеў” на скандынаўскую хаду, хтосьці “завісае” ў “аднакласніках”. Бадай, ніхто не прапусціў сёлета ціхае паляванне, а аматары фотасправы знялі ўнікальныя кадры з баравіковымі пейзажамі і апенкавым шлейфам на дрэве. Хто-ніхто нават падумвае выдаць уласную кнігу! Словам, жыццё бруіцца. Яно радуе тых, хто хоча жыць актыўна, не замыкаецца ў чатырох сценах, імкнецца ў любым узросце прыносіць карысць іншым.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ. 
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!