У падарунак чэмпіёнам – новая хакейная пляцоўка

У Орлі пачалося будаўніцтва новай хакейнай пляцоўкі агульнай плошчай 980 квадратных метраў. З надыходам маразоў тут будзе заліты каток, і юныя хакеісты з каманды “Арляняты”, якія сёлета сталі чэмпіёнамі краіны, змогуць камфортна трэніравацца.

– За гады інтэнсіўнай эксплуатацыі старая хакейная “скрынка” прыйшла ў заняпад і патрабавала рамонту, – канстатуе начальнік ДРБУ-161 Мечыслаў Іванавіч Стэльмашок. – Мы выраўнялі пляцоўку грэйдарам, зрэзалі па перыметры дзірван і сухую траву, падсыпалі і ўтрамбавалі катком гранулят, каб надаць цвёрдасць канструкцыі. Затым пад узровень паклалі новае асфальтабетоннае пакрыццё, каб вада раўнамерна разлівалася па ім, ствараючы ідэальна гладкую ледзяную скарынку.
Добрую ініцыятыву таксама падтрымалі работнікі Шчучынскага лясгаса: яны паабяцалі выдзеліць піламатэрыялы для агароджы лядовай пляцоўкі. Не засталіся ў баку і камунальнікі, якія плануюць ўсталяваць па перыметры хакейнага поля вулічнае асвятленне. Такім чынам, рабяты змогуць камфортна трэніравацца тут нават цёмнымі зімнімі вечарамі. Таксама абмяркоўваецца пытанне аб устаноўцы трыбун для балельшчыкаў. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота з архіва газеты.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!