У новы год – з новымі ўзнагародамі. Ордэн Маці атрымалі тры нашы зямлячкі

 

Добрая вестка напярэдадні Новага года прыйшла ў дамы мнагадзетных матуль Наталлі Розмысла і Галіны Падасовік са Шчучына, а таксама Марыі Шкляр з аграгарадка Вялікае Мажэйкава. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь яны ўдастоены дзяржаўнай узнагароды – ордэна Маці. Прадстаўнікі раённай улады для ўручэння ўзнагарод запрасілі жанчын у палац Друцкіх-Любецкіх на традыцыйныя Калядныя сустрэчы.

 

У кожнай з гэтых матуль – свой нялёгкі, але дастойны жыццёвы шлях, дружная сям’я, па пяцёра дзяцей, дзе старэйшыя заўжды дапамагаюць малодшым, клапоцяцца, апякаюць. У кагосьці дзеткі ўжо вылецелі з бацькоўскага гнязда і знайшлі сябе ў цікавай прафесіі, у кагосьці – яшчэ падрастаюць і выхоўваюцца. Да прыкладу, адна з дачок ветэрынарнага ўрача саўгаса “Вялікае Мажэйкава” Марыі Мікалаеўны Шкляр – Данута – закончыла магістратуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі з прысваеннем ступені магістра тэхнікі і тэхналогіі, не раз выступала з дакладамі на міжнародных форумах, апублікавала каля дзясятка ўласных навуковых работ у салідных выданнях, паспяхова працуе інжынерам у кіруючай кампаніі холдынгу “Інтэграл” у Мінску. Чым не гонар для маці, чым не прыклад для братоў і сястрычак?

 

А вось у аператара Скідзельскай птушкафабрыкі Наталлі Уладзіміраўны Розмысла старэйшыя дачушкі – школьніцы, сынок Яраслаў наведвае дзіцячы садок, а самай малодшай – Танюшы – усяго другі годзік пайшоў. Разам з мужам Дзмітрыем Уладзіміравічам яны робяць усё магчымае, каб іх дзеці выраслі дастойнымі людзьмі – добрымі, чулымі, працавітымі, а самае галоўнае – на сваім прыкладзе ў штодзённым жыцці вучаць іх гэтаму.

 

Жыхарка Шчучына Галіна Станіславаўна Падасовік выдатна выхавала не толькі сваіх уласных дзяцей: яна доўгі час працавала педагогам і заўжды ўсю душу ўкладвала ў любімую прафесію, а апошнім часам цалкам прысвяціла сябе сям’і. Старэйшыя сыны ў яе ўжо самастойныя, а трое малодшых рабят радуюць бацькоў сваімі творчымі поспехамі. За школьнікамі Мікалаем і Марыяй, якія наведваюць мноства гурткоў, “падцягваецца” маленькая Сафія – пакуль яшчэ выхаванка дзіцячага садка №1. Прыярытэтам у гэтай дружнай сям’і з’яўляецца гарманічнае выхаванне і развіццё дзяцей. На жаль, па сямейных абставінах Галіна Станіславаўна не змагла прысутнічаць на ўрачыстасці ў палацы, і ёй у дамашняй абстаноўцы ўручыла ордэн Маці старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Святлана Шанчук.

 

А вось Наталлю Уладзіміраўну Розмысла і Марыю Мікалаеўну Шкляр на сцэне віталі кіраўнік раёна Аляксей Валянцінавіч Садоўскі і намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта. Пад гучныя апладысменты прысутных у зале яны ўручылі мнагадзетным матулям ордэны і пажадалі здароўя і далейшых поспехаў у выхаванні падрастаючага пакалення. Падарункі, кветкі ад раённай жаночай арганізацыі, магчымасць раздзяліць цікавую культурную праграму і акунуцца ў святочную атмасферу – усё гэта дапоўніла радасць урачыстасці. Ордэн Маці – даніна павагі нашым жанчынам за іх мацярынскі подзвіг.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Людмілы НЕМНЫ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!