У нашым родзе-”агародзе” ўраджай на таленты

У кожнага з нас ёсць надзвычай каштоўны скарб – нашы прозвішчы. Яны рознага паходжання і гучання, але каранямі сыходзяць у даўніну, бо насілі іх да нас (толькі ўдумайцеся!) сотні, а то і тысячы людзей. Развагі пра гэта аднойчы навялі на думку распачаць новы творчы праект. Атрымалася вось як. Адшукваючы ў тэлефонным даведніку патрэбны нумар, звярнула ўвагу на незвычайнае прозвішча абанента. Перагарнула старонку і... быццам прыадкрыла дзверы ў кладоўку з сапраўднымі фамільнымі каштоўнасцямі. І гэта сапраўды так, бо прозвішча кожнага з нас і ёсць дарагі “брыльянт” асобна ўзятага роду, які перадаецца з пакалення ў пакаленне. А ў якой “аправе” ён акажацца – залежыць ад чалавека. Вось і ўзнікла думка пагутарыць з уладальнікамі незвычайных – гучных і не вельмі – прозвішчаў, каб распытаць, з якім пачуццём яны іх носяць, што ведаюць пра іх паходжанне. Увогуле, як жывуць гэтыя людзі, чым даражаць, захапляюцца і цікавяцца. 

А першай ластаўкай новага праекта сталі знаёмствы-дыялогі, так бы мовіць, па сезоне. Куды ні зайдзі – толькі і размоў, што пра ўраджай – на дачы, на прысядзібным участку ці проста пра кірмашовыя набыткі. Таму захацелася пагутарыць з людзьмі – носьбітамі простых на слых і зразумелых для ўспрымання “агароднінных” прозвішчаў, і распытаць, на якія падзеі, дасягненні аказалася ўраджайным іх жыццё.

Кукуруза і Цыбулька – гэта гучыць!
Яшчэ з парога запраграмаваны на добры настрой усе, хто заходзіць у кабінет №68 упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Шыльдачка на дзвярах сведчыць, што тут рабочае месца галоўнага бухгалтара Вольгі Сяргееўны Цыбулька і галоўнага спецыяліста Наталлі Міхайлаўны Кукуруза. Так-так, у адным кабінеце размясціліся спецыялісты з такімі “профільнымі” – з ухілам на дзейнасць упраўлення і адначасова “культурнымі” (цыбуля і кукуруза самыя што ні на ёсць сельскагаспадарчыя культуры) прозвішчамі. 
Дарэчы, градус цікавасці да гэтага аддзела павысіўся менавіта пасля таго, як калегай Кукурузы стала маладая асоба па прозвішчы Цыбулька. “Справа выпадку”, – кажуць пра такі збег абставін супрацоўніцы. Абедзве па прафесіі бухгалтары: Наталля скончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, а Вольга мае дыплом Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта.
Адметныя прозвішчы жанчыны атрымалі ад сваіх абраннікаў. Дарэчы, корань генеалагічнага дрэва шчучынскіх Кукурузаў па мужчынскай лініі ажно ў Вінніцкай вобласці Украіны, а дзед мужа Вольгі Цыбулька са Слуцкага раёна Міншчыны.
І Вольга Сяргееўна, і Наталля Міхайлаўна прызнаюцца, што пасля замуства да новых прозвішчаў прывыклі не адразу. Затое цяпер небеспадстаўна лічаць іх гучнымі, надзвычай пазітыўнымі і светлымі. Дапамагла ў гэтым... рэакцыя іншых людзей. “Бывала, прыйду з дзецьмі ў дзіцячую паліклініку, а там, як толькі глянуць на картачку, у адзін голас: “ Кукуруза! Такое сонечнае, такое салодкае прозвішча, – дзеліцца Наталля Міхайлаўна. – І ў нашым абласным ведамстве, калі перадаю справаздачу, ніколі не блытаюць: Кукуруза, значыць, Шчучын на провадзе...”. 


Была і камічная сітуацыя: работніца адной з гаспадарак паскардзілася самой Наталлі Міхайлаўне, што нейкі там Кукуруза (палічыла, што незвычайнае прозвішча носіць мужчына) “закідаў” работай: усё шле і шле дакументы... “Я яму перадам”, – сур’ёзна запэўніла спецыяліст, ледзь стрымаўшыся, каб не выдаць сябе. 
Увогуле ў прывабных маладзіц, да таго ж адказных і старанных работніц, як кажуць іх калегі, з гумарам усё ў парадку: яны па-добраму рэагуюць, калі ў свой адрас чуюць што-небудзь жартоўнае... “Затое ніякія крыўдныя мянушкі не прылепяцца”, – заяўляюць мае субяседніцы. 
Цікава, што працоўная дзейнасць мужоў Вольгі Сяргееўны і Наталлі Міхайлаўны таксама “перасякаецца” з сельскай гаспадаркай: галава сям’і Цыбулькаў – індывідуальны прадпрымальнік, яго сфера – аптовы гандаль агароднінай і фруктамі. А галава сям’і Кукурузаў па прафесіі праграміст, яго веды запатрабаваны і ў арганізацыях сельскай гаспадаркі.
На ўсе рукі майстрыха
“Цыбуля сёлета ўрадзіла, – запэўнівае мая новая знаёмая – жыхарка аграгарадка Ражанка Ганна Іосіфаўна Цыбульская. – І не толькі яна: і перцы кашамі насіла, і памідоры. З сынам дзялілася, дачцэ, што ў Маладзечне, сумкі накладвала. Шкада, старэйшая дачка далекавата жыве – ажно ў Магілёве... І суседзяў частавала “вітамінамі”. 
Жанчына, якой ужо на восьмы дзясятак павярнула, без працы не сядзіць: аднаго агарода 15 сотак! Сабраўшы ўраджай, зноў пачынае цыкл работ – цяпер, да прыкладу, на чарзе часнок. А яшчэ дом на ёй, ды і іншых клопатаў хапае. “Усё тупаю і тупаю”, – прызнаецца Ганна Іосіфаўна. І гэта, пагадзіцеся, у такім паважаным узросце гучыць як камплімент. Працавітасць закладзена з дзяцінства, калі малым дзяўчом яшчэ па родных Старынках бегала. Кажа, хапіла ў жыцці ўсяго, нават каласкі на полі падбірала... На тых мясцовых сцяжынках сустрэла і будучага мужа. Ён працаваў на рамзаводзе, таму будавацца вырашылі ў Ражанцы. Праўда, гаспадар рана пайшоў з жыцця...
Мазалі на руках у Ганны Іосіфаўны з’яўляліся не толькі ад працы на полі ды агародзе. Яна – адмысловая майстрыха-ткалля. Напамін пра гэты, на той мінулы час жыццёва неабходны занятак – кросны на гарышчы ды яркія ўзорыстыя дываны ў шафе. Адкрыўшы фортку, Іосіфаўна перабірае, праглядвае, перасушвае гэты, на жаль, не запатрабаваны ў дзяцей пасаг. За кожным вытканым узорам – нейкі ўспамін. “Сынам цяжарная на апошнім месяцы хадзіла, а за кросны ўсё адно сядала, – прыгадвае жанчына. – Тады не было ніякіх “узі”, хто народзіцца – не ведаеш. Дай, думаю, сінюю кветачку ва ўзор пушчу – можа хлопчык будзе...”. Яе тканыя шэдэўры (а майстэрства пераняла ў маці) не раз выстаўляліся падчас свят, якія ладзілі работнікі культуры. Пра кулінарныя здольнасці жанчыны (ёсць і такія) да гэтага часу не даюць забыцца... людзі. Просяць, каб Іосіфаўна торт, духмяных пірагоў ці каравай з лісцікамі-кветачкамі выпекла. Адмаўляць яна не ўмее. Вось і ў дзень нашай размовы гаспадыня чаравала (у добрым сэнсе гэтага слова) над апетытным жэле – пачастункам для святароў-місіянераў, якія прыехалі ў мясцовы касцёл. Пра яе кухарскі талент, напэўна, і цяпер памятаюць на масласырзаводзе: многія з былых калег сваіх дзяцей з загса сустракалі, трымаючы на ручніках караваі ад Цыбульскай. Дарэчы, Іосіфаўна на гэтым прадпрыемстве свой працоўны рэкорд устанавіла – пайшла на заслужаны адпачынак у 65 год! 
 Пра маладыя гады і маладыя жаданні нагадвае таксама... стары масіўны куфар. Ён прыняў у сваё прасторнае нутро шмат дарагіх сэрцу рэтра-рэчаў. Малодшыя з роду Цыбульскіх любяць фатаграфавацца каля рарытэта...
Прыгожа на зямлі – радасць у душы
“Спяшаюся на фітнес”, – папрасіла прабачэння за кароткі дыялог настаўніца нямецкай мовы гімназіі г. Шчучына Таццяна Іванаўна Гарохава. Аказалася, яна не толькі сама прыхільніца здаровага ладу жыцця, але і іншых да яго далучае: вядзе групавыя заняткі ў цэнтры турызму і краязнаўства. Нядаўна, расказвае, асвоіла новы від фітнесу. 
“Я ж – актыўная”, – запэўнівае мяне субяседніца. Здаецца, менавіта актыўнасць і ёсць той рухавік, які дазваляе Т.І. Гарохавай не толькі паспяваць за жыццём, але і дасягаць поспехаў у прафесійнай і грамадскай дзейнасці, знаходзіць час для творчага развіцця і шматлікіх захапленняў. Мяркуйце самі. Таццяна Іванаўна Гарохава вядома ў Шчучыне найперш як выдатны педагог, чые вучні не раз станавіліся пераможцамі абласнога і прызёрамі рэспубліканскага этапаў прадметных алімпіяд. Ёй пашчасціла не раз пабываць у адукацыйных паездках па краінах Еўропы, удзельнічаць у замежных кангрэсах, даваць майстар-класы для калег. “Сама сваё жыццё раблю цікавым, – прызнаецца мая суразмоўца. – Любая паездка ідзе на карысць”. 
Т.І. Гарохава – чалавек рознабаковых інтарэсаў. Бадай, сярод любімых заняткаў – кветкаводства і ландшафтны дызайн. У гэтай справе яна рэалізуе сябе і дома, і ў гімназіі. Так, ля сваёй сядзібы стварыла сапраўдны райскі куток: тут многа кветак, дэкаратыўных кустоў і дрэў розных парод, у тым ліку экзатычных – накшталт гінкга білоба. Лічы, кожны год у гэтым прыродным аазісе з’яўляюцца навічкі, вырашчаныя ўласнаручна з насення ці атрыманыя чаранкаваннем. Таму нават хмурымі восеньскімі днямі вясёлкай гараць на клумбах хрызантэмы і ружы, да халадоў радуе вока познацвет (безвременник)... “Уся гэта прыгажосць прыносіць душэўнае задавальненне”, – кажа мая суразмоўца. 
А яшчэ Таццяна Іванаўна Гарохава – адзін з лепшых грамадскіх эколагаў нашай краіны. Жывучы ў гармоніі з прыродай, і сваіх вучняў вучыць любіць і берагчы зялёнае багацце. Пад яе кіраўніцтвам гімназісты-валанцёры з атрада “Экас” рэалізуюць, па словах педагога, самы галоўны праект – упрыгожваюць родную старонку зялёнымі насаджэннямі, а таксама ўдзельнічаюць у розных міжнародных экалагічных праектах.

P.S. Рыхтуючы гэты матэрыял, я так хацела пагутарыць з носьбітамі іншых цікавых прозвішчаў – Агурцовымі, Буракамі і г.д. На жаль, у трубцы тэлефона былі толькі гудкі... Між тым, атрымалася пазнаёміцца з Алесяй Віктараўнай Агароднікавай, якая працуе ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. “Ніколі агародніцтвам не цікавілася, – смяецца маладая жанчына. – Я нарадзілася ажно ў Прыморскім краі ў Расіі, “вандравала” з бацькам-вайскоўцам па гарнізонах, а Шчучын стаў адным з месцаў яго службы і прычалам для нашай сям’і. Тут і сустрэла свайго будучага мужа – таксама сына вайскоўца. Дарэчы, маё дзявочае прозвішча не менш цікавае і гучнае – Стараверава...”.
Што ж, бяру на заметку, Алеся Віктараўна. Але гэта будзе ўжо іншая гісторыя.

Знаёмілася з цікавымі людзьмі Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Средняя: 5 (1 оценка)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)