А ў нас у двары… Даведаліся, як у Шчучыне праходзіць добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый

 

Напэўна, кожнаму шчучынцу хочацца, каб цудоўна выглядаў і родны горад у цэлым, і канкрэтна ягоны двор. Бо вельмі важна, калі зручным і камфортным з’яўляецца той асяродак, у які чалавек трапляе адразу, выходзячы з пад’езда. Акуратныя тратуарныя дарожкі, дзіцячая пляцоўка, якаснае асвятленне – гэта, бадай, неабходны мінімум для сучаснага гараджаніна. Добра разумеюць тое і ў РУП ЖКГ, а таму імкнуцца штогод аднавіць інфраструктуру некалькіх дваровых тэрыторый, зрабіць іх чыстымі, утульнымі і прыгожымі.

 

– Нам сёлета пашанцавала, – лічыць жыхарка дома №4, што па вуліцы Першамайскай, Святлана Кавалеўская. – Нядаўна завершаны рамонт нашага двара, цалкам заасфальтавана яго тэрыторыя, адноўлены пешаходныя дарожкі. Нават газоны засеяны. Думаю, не толькі жыхары нашага, але і суседніх дамоў шчыра ўдзячны за праведзенае добраўпарадкаванне камунальнікам і дарожнікам. Чаго яшчэ не хапае, на мой погляд, дык гэта сучаснай дзіцячай пляцоўкі.

 

Дзмітрый Місюк, начальнік участка добраўпарадкавання, санітарнай ачысткі і рытуальных паслуг РУП ЖКГ, патлумачыў, што ўсё залежыць ад фінансавання: толькі на абуладкаванне асфальтабетоннага пакрыцця тут выкарыстана больш за 120 тысяч рублёў з раённага бюджэту. А яшчэ былі выкананы і іншыя неабходныя работы. Напрыклад, ля дамоў №2 па Першамаскай і №4 па 17 Верасня зроблены новыя праходы да пад’ездаў, прыведзены ў парадак сквер, стаянка для аўтамабіляў. Сапраўды, стала намнога прыгажэй і ўтульней.

 

 

– Увогуле арыенцірам для нас служыць распрацаваная да 2020 года “Праграма комплекснага добраўпарадкавання дваровых тэрыторый”, – расказвае Дзмітрый Тадэвушавіч. – У яе межах мы правялі рэканструкцыю двароў вакол дамоў № 2, 4, 6, 8, што па вуліцы Заводскай у Шчучыне, і № 14 і 14а па вуліцы Маладзёжнай. Цякучы рамонт праходзіць у гэтыя дні на дваровай тэрыторыі па Заводскай, 4а.

 

Дарэчы, тут праведзена не толькі асфальтаванне пад’язных шляхоў, вымашчана пліткай пешаходная дарожка, але і ўстаноўлены сучасныя святлодыёдныя вулічныя ліхтары, якія вельмі ўпрыгожылі тэрыторыю і адпавядаюць усім патрабаванням энергазберажэння. У гэтым жа мікрараёне на радасць малышам і іх матулям нядаўна ўстаноўлена новае абсталяванне на дзіцячай гульнявой пляцоўцы.

 

– Ад жыльцоў мы чакаем зваротнай сувязі, – зазначае Д.Т. Місюк. – А дакладней – беражлівых адносін да зробленага, да ўстаноўленых малых архітэктурных форм. Вітаем імкненне шчучынцаў падтрымліваць чысціню і парадак, магчыма, унесці свой уклад і сваё бачанне ў азеляненне і эстэтыку родных дворыкаў, дзе праходзіць дзяцінства іх дзяцей і ўнукаў.

 

Прыемна, што распачатая ў горадзе тэндэнцыя будзе мець свой далейшы працяг. Ужо распрацавана і зацверджана “Праграма комплекснага добраўпарадкавання дваровых тэрыторый на 2021-2025 гады”. Запланавана на працягу наступнага пяцігоддзя ва ўзорны парадак прывесці двары вакол дамоў № 26, 28, 30, 30а па вуліцы Заводскай, дваровую тэрыторыю дома №4 з усімі яго карпусамі па вуліцы Паўднёва-Заходняй, двары па вуліцы Пушкіна (вакол дамоў № 30, 30а, 32, 34) і Зялёнай (дамы № 18, 18а, 16 і інш). Вось такія добрыя перспектывы, што набліжаюць нас да жаданага – жыць у горадзе без ускраін.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!