У міры жыць, дзяцей расціць…

 

Вельмі важна гэта для мнагадзетнай матулі Святланы Сідлярэвіч з аграгарадка Першамайск.

– Надарылася так, што Бог даў мне пяцёра дзетак. Усяго ў жыцці хапала – і цяжкасцей, і выпрабаванняў. Такая вялікая сям’я зараз рэдкасць, – гаворыць Святлана Генадзьеўна. – А без падтрымкі дзяржавы было б яшчэ складаней…

 

Сапраўды, жанчына цэніць, што дзякуючы сацыяльнай палітыцы дзяржавы ўсіх дзяцей яна мела і мае магчымасць даглядаць да 3-гадовага ўзросту, знаходзячыся ў адпачынку і захоўваючы пры гэтым сваё рабочае месца. Вось і зараз Святлана “ў дэкрэце”: самы малодшы сыночак Аляксей радуе першымі слоўкамі, імкненнем дапамагаць ва ўсіх хатніх справах. Дарэчы, з яго нараджэннем Сідлярэвічы атрымалі мацярынскі капітал. Праўда, на якія патрэбы выкарыстаюць гэту істотную дзяржаўную падтрымку, на сямейным савеце яшчэ канчаткова не вырашылі.

 

– Мы жывём у добраўпарадкаваным доме , які атрымалі ад ААТ “Першамайск-агра”, – гаворыць Святлана Генадзьеўна. – Ведаю, што для мнагадзетных сямей існуе варыянт пабудаваць кватэру ў райцэнтры з падтрымкай дзяржавы, але ў нас такой патрэбы няма. Камфортна сябе адчуваем менавіта ў вёсцы – сярод сваіх людзей, маляўнічай прыроды, маючы магчымасць займацца любімай справай на роднай зямлі. Я вельмі люблю не толькі агароднічаць, але і кветкі вырошчваць. Так прыемна, калі і дома, і на сядзібе ўсё квітнее і радуе вока…

 

Святлана Генадзьеўна разам з мужам Віталіем Леанідавічам выхоўваюць пяцёра дзяцей так, каб яны раслі добрымі і прыстойнымі людзьмі. Старэйшая дачка ўжо атрымлівае прафесійныя веды ў Гродзенскім тэхналагічным каледжы, выбрала, між іншым, спецыяльнасць “грамадскае харчаванне”.

 

– З дзяцінства Ксюша любіць гатаваць разнастайныя торцікі і іншыя кандытарскія вырабы, – дзеліцца матуля. – І так цудоўна ў яе ўсё атрымліваецца! Імкнецца радаваць і нас, бацькоў, і малодшых братоў ды сястрычку.

 

Паша, Даша і Саша – вучні ДУА “Навучальна-педагагічны комплекс Першамайскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”. Тут, дарэчы, ёсць усе магчымасці развівацца і рэалізаваць сябе. Напрыклад, Павел не на жарт захапіўся спортам. Ён актыўны ўдзельнік раённых і абласных спаборніцтваў: робіць поспехі ў біятлоным “Снежным снайперы”, абараняе гонар футбольнай каманды ў спаборніцтвах “Колас” і “Скураны мяч”. А яшчэ яны з Дар’яй з энтузіязмам займаюцца ў аматарскім аб’яднанні “Забава” пры Першамайскім Доме культуры. Брату Аляксандру ёсць з каго браць прыклад.

 

Найлепшая педагогіка ад Сідлярэвічаў-старэйшых – гэта ўласны прыклад для дзяцей. Віталій Леанідавіч карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у калектыве ТАА “Топгранула”, дзе працуе станочнікам. Святлана Генадзьеўна да дэкрэтнага водпуску з адказнасцю выконвала абавязкі сацыяльнага работніка тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Вяскоўцы сталага веку, якіх яна апякала, з цеплынёй і ўдзячнасцю адгукаюцца пра гэту чулую і спагадлівую маладзіцу, кажуць, што і зараз сумуюць без яе клопату і добразычлівай усмешкі, з нецярпеннем чакаюць яе вяртання.

 

А нядаўна ў жыцці Святланы (ды й усёй яе сям’і!) надарылася сапраўднае свята. Мнагадзетную маму запрасілі ў знакаміты шчучынскі палац на ўрачыстае мерапрыемства, каб там, на сцэне, сярод яркай і шматколернай імпрэзы, пад апладысменты ўручыць ёй і такім жа цудоўным жанчынам ордэн Маці.

 

– Мне хочацца выказаць шчырыя словы падзякі за тое, што ў нашай краіне, у нашым раёне так цэняць нялёгкую мацярынскую працу, што ў нас у пашане простыя людзі, – без усялякага пафасу гаворыць Святлана Генадзьеўна. – Зраблю ўсё, каб закласці ў сэрцах маіх дзяцей пачуццё патрыятызму і любові да роднай старонкі, павагу да нашых спрадвечных каштоўнасцей і ўдзячнасць за тое, што мы маем дзякуючы нашай дзяржаве.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Наталіі СІДЛЯРЭВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!