У Лядску – усё па-людску. Даведаліся, як на тэрыторыі сельсавета клапоцяцца аб добраўпарадкаванні

 

Гэтымі вясновымі днямі сельсавет жыве клопатам аб навядзенні парадку на зямлі. Вось сёння, да прыкладу, у свой рэйд па домаўладаннях зноў адпраўляецца аглядная камісія па забеспячэнні бяспечных умоў пражывання грамадзян, якую ўзначальвае П.А. Літавар.

 

– Ставім задачу дайсці да кожнага, – дзеліцца Павел Анатольевіч. – Сярод іншых пытанняў абавязкова будзем даводзіць людзям аб неабходнасці добраўпарадкавання і санітарнай ачысткі – як на ўласным двары, так і на агульных тэрыторыях. Балазе, ёсць з каго браць прыклад: у аграгарадку Ляшчанка гэта Святлана Сцяпанаўна Майко і Ядвіга Эдвардаўна Івашкевіч, у Мураўёўцы – Марыя Канстанцінаўна Місюк. Паболей бы такіх энтузіястаў! Дарэчы, важкі ўклад у чысціню агульных тэрыторый уносіць валанцёрскі атрад “Добрае сэрца” Ляшчанскага дз/с-СШ.

 

Увогуле людзі іншы раз проста ўражваюць сваімі добрымі ўчынкамі. Неяк прыехаў добраўпарадкаваць магілы сваякоў чалавек з іншага сельсавета (з-за сціпласці прасіў не называць яго прозвішча), узяў у рукі пілу і не выпусціў яе, пакуль не зрэзаў кустоўе на тэрыторыі літаральна ўсіх лядскіх могілак. Аварыйныя дрэвы там яшчэ раней вырубілі камунальнікі, так што цяпер усе вострыя пытанні зняты.

 

Многае ў Лядскім сельсавеце ўдалося зрабіць і па зносе старых безгаспадарных дамоў. Напрыканцы мінулага года за сродкі з раённага бюджэту дэманціравалі чатыры такія хаціны ў вёсцы Мураўёўка, убралі фундаменты і карэнні дрэў і кустоў. Павел Анатольевіч вельмі ганарыцца, што цяпер тут зелянее маладая рунь азімых. У Старадворцах і Лядску безгаспадарныя дамы знесены сіламі ААТ “Дэмбрава”, а вызваленыя плошчы таксама задзейнічаны пад севазварот. Сёлета работа ў гэтым напрамку будзе працягвацца, і ў планах сельвыканкама знос яшчэ шасці старых і незапатрабаваных пабудоў, што, мякка кажучы, не ўпрыгожваюць сельскія відарысы.

 

Разам са старшынёй мы пабывалі ў некаторых вёсках сельсавета. І тут шчыра парадавала асфальтаваная дарога, за станам якой сочыць ДРБУ-161, чысціня на прыдарожных палосах, а яшчэ тое, што ў многія сядзібы вяртаюцца нашчадкі-гараджане, укладваюць сродкі ў аднаўленне радзінных гнёздаў, клапоцяцца, каб прыгожымі былі агароджы, арыгінальнымі – ландшафтны дызайн і азеляненне.

 

– Мяне гэта таксама вельмі радуе, – прызнаецца стараста вёскі Мураўёўка Марыя Канстанцінаўна Місюк, якую мы адарвалі ад вельмі адказнага хатняга занятку – закрутак бярозавіку па “фірменным” рэцэпце. – Паверыце, за шчасце, калі добрыя людзі ў нашай вёсцы сабе хату купяць. Значыць, пабольшае агеньчыкаў у вокнах, загамоніць вёска. Вядома, мы праводзім работу з насельніцтвам, каб чыстымі былі нашы двары і вуліцы, гаспадынькі расаду ўжо рыхтуюць для агародаў і кветнікаў. Цяпло чакаем з надзеяй на лепшае.

 

У самой Марыі Канстанцінаўны прыгожы і дагледжаны дом, які нядаўна сын аснасціў сістэмай электраацяплення, узорны парадак на падворку, дзе зелянеюць туі і выкарыстаны ў афармленні малыя архітэктурныя формы. У свае 72 жанчына ўпэўнена кіруе аўтамабілем, ахвотна займаецца грамадскай работай і, па словах кіраўніка мясцовай вертыкалі, з’яўляецца яго правай рукой. Пашчасціла Мураўёўцы на “мэра”! Толькі добрыя водгукі і пра старасту вёскі Краснае Аліну Аляксандраўну Яхімчык. А калі такія людзі ў актыве, то будзе ўсё ў парадку – усё па-людску.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!