У лінейнай дарожнай дыстанцыі №511, якая ўваходзіць у склад дарожна-эксплуатацыйнага упраўлення №51 і базіруецца ў Шчучыне, набылі новы 20-тонны МАЗ

 

У лінейнай дарожнай дыстанцыі №511, якая ўваходзіць у склад дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №51 і базіруецца ў Шчучыне, набылі новы 20-тонны МАЗ з двума адваламі і раскідвальнікам пясчана-салявой сумесі. “Жалезнага волата” даверылі вопытнаму вадзіцелю Юрыю Дзядовічу, які працуе ў арганізацыі ўжо 12 гадоў.

 

– Гэта магутная машына дазволіць значна павысіць якасць абслугоўвання дарог, – упэўнены Юрый Іванавіч.

 

– Самазвал створаны на базе шасі 6х4 для павышанай праходнасці. Ён валодае выдатным запасам трываласці і вельмі эфектыўны ў эксплуатацыі. Дадзеная мадэль абсталявана П-падобнай платформай з задняй разгрузкай, падагрэвам, рэстайлінгавай кабінай, антыблакіровачнай сістэмай, перадпускавым падагравальнікам рухавіка і паліўным бакам аб’ёмам 300 літраў. У кабіне ёсць клімат-кантроль, таму працаваць камфортна.

 

На новым МАЗе дзякуючы пярэдняму адвалу шырынёй 3,7 метра за раз можна ачысціць ад снегу адну паласу дарогі, а калі выставіць і бакавы адвал, то плошча ахопу павялічваецца амаль удвая. Дзякуючы рухавіку магутнасцю 228 кВт грузавік з лёгкасцю разграбае глыбокія заносы. Па сваіх тэхніка-эксплуатацыйных характарыстыках ён адказвае ўсім сучасным стандартам, якія прад’яўляюцца да тэхнікі такога тыпу і прызначэння і адпавядае міжнароднаму экалагічнаму стандарту Еўра-4.

 

– У кузаў новага МАЗа змяшчаецца 9 кубоў пясчана-салявой сумесі, таму я адначасова не толькі чышчу дарогі ад снегу, але і падсыпаю іх, каб не дапусціць узнікнення галаледзіцы, – зазначае Юрый Дзядовіч. – Абслугоўваю трасы М6, Р141, Р51 і Р145. Працую па зменах, але пры неабходнасці гатовы выйсці на расчыстку дарог у любы час, бо разумею, што ад гэтага напрамую залежыць бяспека руху. Калі стыхія бушуе, нават мой цяжкавагавы МАЗ робіцца не вельмі ўстойлівым, асабліва калі цягне перад сабой шмат снегу. Але дзякуючы багатаму працоўнаму вопыту я паспяхова спраўляюся з яго кіраваннем.

 

Усяго ў лінейнай дарожнай дыстанцыі №511, якая ўваходзіць у склад ДЭУ-51 і базіруецца ў Шчучыне, налічваецца 5 МАЗаў з адваламі, з якіх тры - 20-тонныя. Уся тэхніка выдатна абслужана і гатова ў любы момант выехаць на расчыстку снежных гурбаў.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!