У «Касмадроме» – апошнія прыгатаванні

 

Сёлета дзіцячы аздараўленчы лагер «Касмадром» сустрэне дзяцей на месяц пазней звычайнага – першая змена пачнецца толькі з пачатку ліпеня. І хоць час яшчэ ёсць, падрыхтоўчыя работы ў лагеры ўжо выйшлі на фінішную прамую. У гэтым сезоне тут выкананы сур’ёзны аб’ём работ – да арганізацыі якаснага адпачынку дзяцей падышлі з усёй адказнасцю.

На днях камісія на чале з намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама Аленай Васільеўнай Пасюта наведала «Касмадром», каб убачыць, наколькі лагер гатовы прыняць дзяцей. Ад іх прафесійнага пільнага погляду не схавалася ніводная дробязь. Члены камісіі ацанілі работы, праведзеныя ў карпусах для пражывання, у актавай зале, у сталовай, душавых і іншых памяшканнях, пацікавіліся, як праводзіцца добраўпарадкаванне на тэрыторыі «Касмадрома».

Што ўжо зроблена ў лагеры, расказаў І.В. Гваздоўскі – кіраўнік ДУ «Шчучынскі цэнтр для забеспячэння дзейнасці ў сферы адукацыі, спорту і турызму»:

-- Сёлета на падрыхтоўку «Касмадрома» да чарговага аздараўленчага сезона будзе накіравана каля 78,5 тысячы рублёў. 30 тысяч – гэта сродкі з раённага бюджэту, 31 тысяча – пазабюджэтныя і спонсарскія сродкі, 12,5 тысячы выдаткавана з фонду рэспубліканскага суботніка і 2,8 тысячы – дапамога цэнтра па аздараўленні. Паколькі сума сапраўды значная і зрабіць удалося вельмі шмат.

Першым аб’ектам, дзе пабывала камісія, стаў клуб. У актавай зале пафарбаваны сцены і падлога, набыты жалюзі на вокны, маскітныя сеткі на вокны і дзверы, устаноўлены ліхтар над уваходам. Новы выгляд набудзе і летні амфітэатр – частка работ па афарбоўцы там ужо выканана, а ў хуткім часе будуць устаноўлены новыя лавачкі. Абнавіўся і адміністрацыйны будынак. Бягучыя рамонты выкананы ў сталовай і складскіх памяшканнях, спальных карпусах, складзе гародніны, на ганках пры ўваходах у аднапавярховы спальны корпус на 60 месцаў заменены нясучыя драўляныя канструкцыі і пакладзена плітачнае пакрыццё, у бліжэйшы час будзе прыведзена ў належны выгляд вадазліўная сістэма і інш. У 12 пакоях выкананы мантаж нацяжных столяў з пераўстаноўкай экалайнераў і рамонтам сістэмы пажарных апавяшчальнікаў. Падчас падрыхтоўкі праведзены і іншыя работы.

 

Для камфортнага пражывання дзяцей набыта новая мэбля, пасцельныя прылады, шафы для адзення, сталы пісьмовыя, крэслы і многае іншае. Аб’яўлены тэндар на набыццё цепланагравальнай сушыльнай шафы і 14 паліц для абутку. А за кошт спонсарскай дапамогі плануецца набыць вуглавую канапу і часопісны стол.

-- Сапраўды, выдаткаваныя сродкі ўкладзены па-гаспадарску, а аб’ём работ выкананы значны, -- падводзячы вынікі, падкрэсліла Алена Васільеўна. – Цяпер, на завяршальным этапе, неабходна накіраваць усе намаганні на тое, каб усюды навесці парадак, выправіць тыя недахопы, на якіх сёння завастрылі ўвагу члены камісіі.

 

Адпачынак абяцае сапраўды быць на вышыні. І праграма ўжо прадумана. Дарэчы, і месцы яшчэ ёсць. Так што паспяшайцеся, паважаныя бацькі, па пуцёўку, каб ваша дзіця выдатна адпачыла на свежым паветры.

Ганна РУДСКАЯ.

Фото автора.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!