У Гродне прайшоў рэгіянальны форум «Адзіная Беларусь»

 

На сустрэчу з вядомымі экспертамі і палітолагамі рэспублікі сабраліся прадстаўнікі ідэалагічнага актыву Гродзенскай вобласці, палітычных партый, лідары грамадскіх арганізацый, дэпутаты розных узроўняў, члены маладзёжнага парламента — усе тыя, хто на ўзроўні дзяржавы займаецца пытаннямі ідэалогіі і выхаваннем маладога пакалення. Форум прайшоў у фармаце дыялогавай пляцоўкі, падчас якой былі закранутыя актуальныя пытанні палітычнага і грамадскага жыцця, у тым ліку змяненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

 

Форум у Гродне — гэта працяг таго вялікага агульнанацыянальнага дыялогу, які быў пачаты яшчэ ў мінулым годзе і заклаў асновы новага мадэрнізаванага кансэнсусу, падкрэсліў палітычны аглядальнік, старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў. Ён звярнуў увагу на важнасць такіх сустрэч менавіта напярэдадні гістарычнай даты 17 верасня, якая вызначаная Днём народнага адзінства. Раней гэта тэма неяк замоўчвалася, зыходзіла і з грамадскіх дыскусій, і з гістарычнай самасвядомасці беларускага народа, адзначыў журналіст. А між тым гэтую дату у многіх аспектах можна лічыць лёсавызначальнай. Бо адбылося аб’яднанне дзвюх частак краіны ў адзінае цэлае. Сённяшняя сітуацыя вымушае больш грунтоўна падысці да пытанняў адзінства краіны. 

 

На форуме казалі пра небяспеку трапіць у залежнасць ад заходніх крэдытораў, якія адной рукой прапануюць крэдыты, другой — будуюць інфраструктуру для падрыву дзяржаўнасці. На гэтых момантах засяродзіў увагу палітолаг, навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі Аляксей Дзермант. 

 

— Беларусь з 2010 года вызначала сваё месца ў свеце. Мы імкнуліся пабудаваць мост. Для беларусаў уласціва шукаць кампрамісы, магчымасці ўзаемаразумення паміж рознымі культурамі, рэлігіямі, цывілізацыямі і будаваць агульны дом. І беларусы менавіта з гэтых пазіцый будавалі сваю палітыку. Але, на жаль, ёсць інтарэсы вялікіх краін і вялікіх блокаў. І наш гэты мост у 2020 годзе паспрабавалі ўзарваць. Гэта нам вялікі ўрок, — выказаў сваю пазіцыю палітолаг. — Таму варта сітуацыю выпраўляць, у тым ліку, і ў сферы ідэалогіі.

 

Пытанні ідэалогіі неадрыўна звязаны з эканомікай, лічыць загадчыца аддзела Інстытута эканомікі НАН Беларусі Анастасія Баброва. Яна назвала Гродзенскі рэгіён даволі паспяховым і моцным эканамічна. Першае паўгоддзе паказвае, што тут хутчэй за іншыя рэгіёны расце ВУП, зарплата. Вядома, вобласць магла б развівацца больш паспяхова, калі б не эканамічныя санкцыі з боку заходніх краін. Гэта адбіваецца ў цэлым на нацыянальнай эканоміцы. Па словах эксперта, стратаў не пазбегнуць, але іх маштаб будзе залежыць ад кожнага працаўніка. Тут варта хутка адрэагаваць і супрацьстаяць выклікам. Важна скіравацца на тыя прарыўныя напрамкі, якія характэрныя для кожнага рэгіёна. А работнікі павінны і могуць стаць канкурэнтаздольнымі. 

 

На думку дырэктара інфармацыйна-асветніцкай установы «Актуальная канцэпцыя» Аляксандра Шпакоўскага, людзям трэба тлумачыць, што санкцыі б’юць не па сярэднім класе. Яны адчувальны для пенсіянераў, маламаёмных, тых, хто знаходзіцца ў складаных жыццёвых абставінах. У дадзеным выпадку вельмі важна ўважліва адносіцца да гэтых катэгорый. І ўвогуле не дапускаць фармалізму, бюракратычнага і раўнадушнага падыходу з боку кіруючага апарата.

 

 

Таксама палітолаг адзначыў, што яго, як члена Канстытуцыйнай камісіі, хвалююць некаторыя аспекты, якія пакуль да канца не вызначаны. Як вядома, праект Канстытуцыі на разглядзе ў Прэзідэнта, хутка адбудзецца нарада з удзелам кіраўніка дзяржавы. Але яшчэ ёсць некалькі пытанняў, якія варта абмеркаваць. 

 

— Па-першае, гэта датычыцца фарміравання Усебеларускага народнага сходу. Гэта будзе прынцыпова новы орган дзяржаўнай улады. Яму няма аналагаў у свеце. Мы надзяляем гэты орган функцыямі стратэгічнага ўпраўлення краінай, які будзе вызначаць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, магчыма, будзе прызначаць суддзяў са складу Канстытуцыйнага суда. Гэта будуць функцыі вышэйшага парадку, — падкрэсліў Аляксандр Шпакоўскі. — Разам з тым застаюцца пытанні па камплектацыі. Адзін з падыходаў — камплектаваць сход з ліку дэпутатаў усіх узроўняў. Але ёсць меркаванне, што гэта падрывае ідэю ўсенароднасці. Маўляў, неабходна пакінуць квоту для іншых грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам. Другое пытанне — смяротнае пакаранне. Пакуль камісія з гэтым не вызначылася. Ёсць прапановы вынесці яго на рэферэндум, як гэта было 25 гадоў таму. 

 

У новай Канстытуцыі важна ўлічваць правы працоўных па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. Зараз апаненты сцвярджаюць, што змянілася паняцце працоўнага калектыву. Бо 50 % эканомікі фарміруецца у прыватным сектары. А ў перспектыве будзе больш. Ёсць калектывы, дзе 2-3 чалавекі, а ёсць і вялікія, дзе кіраўнікі і гаспадары кампаній будуць вылучаць палітыкаў для лабіравання сваіх інтарэсаў, заўважыў Шпакоўскі. 

 

 

Кіраўнік праекта "Грошы і Свет«Аляксей Аўдонін звярнуў увагу аўдыторыі на новы фармат камунікацый.
— Мэта вялікай размовы — гэта выбудоўванне новай камунікацыі са сваёй аўдыторыяй. Зараз варта разумець, што ўвесь свет крочыў у эпоху разбурэння дзяржаўнасці. На яе адводзіцца бліжэйшыя 15 гадоў. А пачаўся гэты працэс у 2019 годзе. Сутнасць такая — разбурыць суверэнітэт і стварыць новыя формы, у тым, ліку гарады-мегаполісы. І Беларусь у 2020 годзе якраз апынулася на грэбні гэтай разбуральнай хвалі. Раскачка ідзе па трох кірунках: рэлігія, нацыянальнасць і так званы «асабісты кашалёк». Таму трэба мяняць формы і метады кіравання, гэта не значыць, што трэба казаць, што заўтра ўсё будзе лепш, чым учора. Трэба выпрацаваць новыя механізмы, у тым ліку карыстацца электроннымі інфармацыйнымі формамі, — лічыць Аляксей Аўдонін. 

 

Аб значнасці дыялогу з грамадствам выказаўся намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк. На яго думку, сёння кожны крок вялікай палітыкі выклікае значны рэзананс у грамадстве. Таму важна, каб дзяржаўная пазіцыя была ўзважанай, рацыянальнай і абараняла інтарэсы Беларусі. 

 

ЗВЯЗДА

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!